USAGM курыруе дзейнасьць Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС), Радыё Свабодная Азія, Голас Амэрыкі і іншых СМІ. 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб скарачэньні дзейнасьці USAGM. Усьлед за гэтым зьявілася апавяшчэньне аб спыненьні дзеяньня ўхваленага Кангрэсам ЗША гранта, які фінансуе дзейнасьць Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода.
У заяве 27 арганізацый гаворыцца, што многія супрацоўнікі гэтых СМІ падвяргаюцца «значнай асабістай рызыцы пры асьвятленьні падзей, якія адбываюцца ў вельмі рэпрэсіўных рэжымах».
«Ліквідацыя гэтых арганізацый – гэта сур'ёзны ўдар па свабодзе прэсы і падарунак аўтакратам па ўсім сьвеце. Журналісты Голасу Амэрыкі, РСЭ/РС і іншых арганізацый часта становяцца абʼектам перасьледу з боку ўладаў у краінах, якія падвяргаюцца жорсткай цэнзуры або небясьпекі», – гаворыцца ў распаўсюджаным 19 сакавіка дакумэнце.
Міжнародныя журналісцкія арганізацыі зазначаюць, што падтрымліваюць свабоду прэсы і свабодныя СМІ, якія могуць «працаваць без прымусу ці ўмяшаньня з боку ўрада».
Заяву падпісалі:
- Committee to Protect Journalists
- Association for International Broadcasting
- Reporters Without Borders (RSF)
- Public Media Alliance
- The Press Freedom Center at the National Press Club
- Arab Reporters for Investigative Journalism
- The Bureau of Investigative Journalism
- International Press Institute
- Forbidden Stories
- • Radio Television Digital News Association
- PEN America
- The European Federation of Journalists
- Nieman Foundation for Journalism
- Pulitzer Center
- World Association of News Publishers (WAN-IFRA)
- National Press Photographers Association
- Society of Professional Journalists
- Reporters Committee for Freedom of the Press
- Freedom of the Press Foundation
- Association of Foreign Press Correspondents
- Center for Democracy & Technolog
- Index on Censorship
- Free Press
- Global Investigative Journalism Network
- Global Reporting Centre
- International Women’s Media Foundation
- European Centre for Press and Media Freedom (ECPMF).
Што папярэднічала
14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Судовы пазоў
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) падало ў суд на Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), а таксама на прадстаўнікоў USAGM Кэры Лэйк і Віктара Маралеса, каб заблякаваць іхную спробу скасаваць фэдэральны грант на дзейнасьць РСЭ/РС.
Паводле пазову, пададзенага РСЭ/РС у Акруговы суд ЗША для акругі Калюмбія ў Вашынгтоне, скасаваньне гранту парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША. Адмова ў сродках, якія ўжо выдаткаваў Кангрэс ЗША, пярэчыць Канстытуцыі, якая надзяляе Кангрэс выключным правам вызначаць фэдэральныя выдаткі.
Справу будзе разглядаць суд акругі Калюмбія, Вашынгтон.
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў:
«Цяпер ня час саступаць тэрыторыю прапагандзе і цэнзуры з боку праціўнікаў Амэрыкі. Мы лічым, што закон на нашым баку і што сьвяткаваньне нашай сьмерці дэспатамі ўва ўсім сьвеце заўчаснае».
- Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.
Форум