Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Ігара Карнея накіравалі «па этапе» з Магілёва ў Мазыр


Ігар Карней, архіўнае фота
Ігар Карней, архіўнае фота

Былога журналіста Свабоды Ігара Карнея пераводзяць адбываць пакараньне ў калёнію ў Мазыры. Этап зь перасыльнымі турмамі звычайна доўжыцца да тыдня.

З Магілёўскага СІЗА Ігара Карнея спачатку перавялі ў сьледчы ізалятар Гомля, адкуль ён паведаміў, што для адбыцьця пакараньня яго перавядуць у калёнію № 20 у Мазыры.

Пра гэта расказала крыніца, дасьведчаная ў справах палітвязьня, з спасылкай на ягоны ліст з Гомельскага СІЗА.

«Этапавалі 3 сакавіка з Магілёва. Некалькі дзён ён прабыў у Гомлі ў СІЗА. Адтуль напісаў кароткі ліст з інфармацыяй, што 8 сакавіка яго перавязуць у калёнію № 20 у Мазыры. З Мазыра лістоў не было.

Ліст з Гомля быў даволі аптымістычны, адрозна ад папярэдніх лістоў, якія прадзімала трывога перад этапам. У любым выпадку ён ня траціць прысутнасьці духу, піша дочкам пранікнёныя лісты і нават жартуе», — паведаміла крыніца пра Ігара Карнея.

Пасьля этапу ў калёніі вязьняў трымаюць у карантыне да двух тыдняў.

Ігар Карней за кратамі зь ліпеня 2023 году. У сакавіку 2024 году журналіста асудзілі на З гады зьняволеньня і штраф у 20 тысяч рублёў паводле артыкулу 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»), а падчас адбыцьця пакараньня ў шклоўскай калёніі дадалі яшчэ 10 месяцаў паводле артыкулу 411 («непадпарадкаваньне патрабаваньням папраўчай установы»).

Падчас разгляду апэляцыі, пададзенай на апошні прысуд, Ігар Карней быў у Магілёўскім СІЗА. Тады стала вядома, што ў зьняволеньні Ігар схуднеў на 15 кіляграмаў і мае праблемы з сэрцам.

Апэляцыя журналіста на прысуд паводле 411 артыкулу была адхіленая.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG