На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы Х зьявіўся допіс з партрэтам зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка.
«Для нас, народаў, якія жывуць пад тыраніяй, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі» гэта сымбалі свабоднага сьвету – галасы праўды. Многія, як Ігар Лосік, у турме за працу зь імі. Для ЗША яны магутныя інструмэнты мяккай сілы, якія робяць Амэрыку мацнейшай і больш бясьпечнай. Страціць іх было б сур'ёзнай памылкай».
Ігар Лосік – супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода. У сьнежні 2021 году ён быў асуджаны на 15 гадоў па абвінавачаньні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
За кратамі таксама застаецца былы журналіст Свабоды Ігар Карней. У сьнежні 2024 году Шклоўскі раённы суд дадаў Ігару Карнею яшчэ 10 месяцаў зьняволеньня за «непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэксу) у дадатак да 3 гадоў калёніі, якія яму прысудзіў суд Менску ў 2024 годзе паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Увечары 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя (USAGM), якое курыруе Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) і іншыя дзяржаўныя мэдыярэсурсы.
Указ таксама закранае агенцтвы, якія займаюцца пытаньнямі бяздомнасьці, працоўных спрэчак і разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай з пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзяленьні або функцыі гэтай установы зьяўляюцца прадпісанымі законам і ў якой ступені», — гаворыцца ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Лэйк была вылучана Трампам на пасаду кіраўніка Голасу Амэрыкі, хаця яе кандыдатура ўсё яшчэ павінна быць ухваленая Міжнароднай кансультатыўнай радай па вяшчаньні.
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў, што адмена пагадненьня аб граньце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».
«Іранскія аяталы, кітайскія камуністычныя лідэры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць сьвяткаваць спыненьне існаваньня RFE/RL пасьля 75 гадоў. Перамога нашых супернікаў зробіць іх мацнейшымі, а Амэрыку слабейшымі», – сказаў ён.
«Мы карысталіся моцнай двухпартыйнай падтрымкай на працягу ўсёй слаўнай гісторыі RFE/RL. Бяз нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадзтвах, якія кожны тыдзень залежаць ад нас у атрыманьні дакладных навін і інфармацыі, ня будуць мець доступу да праўды аб Амэрыцы і сьвеце», – дадаў Капус.
USAGM — гэта незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе вяшчаньне навін і інфармацыйных праграм амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.
Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:
- Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL),
- «Голас Амэрыкі»,
- «Радыё Свабодная Азія»,
- Офіс радыёвяшчаньня на Кубу (Radio Martí),
- Блізкаўсходнія радыёвяшчальныя сеткі (MBN)
- Фонд адкрытых тэхналёгій.
«Абуральна, што Белы дом спрабуе зьнішчыць фінансаванае Кангрэсам агенцтва падтрымкі незалежнай журналістыкі, якая кідае выклік наратывам аўтарытарных рэжымаў па ўсім сьвеце», – заявіў Карлас Марцінес дэ ла Сэрна, дырэктар праграм Камітэту па абароне журналістаў, у сваёй заяве 15 сакавіка.
«Мы заклікаем лідэраў Кангрэсу абараніць гэтае найважнейшае агенцтва, якое дае неадцэнзураваныя навіны ў краінах, дзе прэса абмежавана».
Падчас свайго першага тэрміну прэзыдэнцтва Трамп, які ад моманту вяртаньня ў Белы дом у студзені прыняў шэраг захадаў па скарачэньні дзяржаўных выдаткаў, канфліктаваў з USAGM наконт рэдакцыйнай незалежнасьці і накірунку праграм.
Пасьля вяртаньня да ўлады ён зноў выказаў падобныя перасьцярогі. Прыхільнікі USAGM лічаць, што гэтыя мэдыярэсурсы зьяўляюцца важным інструмэнтам дыпляматыі ЗША.
Акрамя USAGM, пад дзеяньне ўказу патрапілі:
- Фэдэральная служба па пасрэдніцтве і прымірэньні
- Міжнародны цэнтар навукоўцаў Вудра Вільсана пры Смітсанаўскім інстытуце
- Інстытут музэйных і бібліятэчных паслуг
- Міжведамасны савет ЗША па пытаньнях бяздомнасьці
- Фонд фінансавых інстытутаў разьвіцьця супольнасьцяў
- Агенцтва па разьвіцьці бізнэсу нацыянальных меншасьцяў.