На сайце Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны апублікавана паведамленьне аб забойстве, але імёнаў у ім не называюць. У прэс-рэлізе гаворыцца, што невядомы мужчына стрэліў у мінака ў Прыморскім раёне Адэсы, паведамленьне ў паліцыю паступіла каля 10:30 мясцовага часу. Стралок зь месца злачынства ўцёк. Пацярпелы загінуў.
Паводле дэпутата Вярхоўнай Рады Аляксея Ганчарэнкі, кіраўнік МУС Ігар Кліменка ўзяў расьсьледаваньне забойства Ганула пад асабісты кантроль.
«Пра гэта Кліменка заявіў падчас паседжаньня Вярхоўнай Рады, адказваючы на маю просьбу тэрмінова расьсьледаваць забойства. Таксама міністар МУС паведаміў, што цэнтральным апаратам Нацыянальнай паліцыі сфармаваная сьледчая апэратыўная група з найлепшых супрацоўнікаў, якія ўжо выехалі ў Адэсу», — напісаў ён.
Кліменка ў сваім тэлеграм-канале паведаміў, што ў Адэсу выехаў таксама кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Іван Выгоўскі.
«Мне далажылі інфармацыю, якую ўдалося сабраць на гэты момант. Ёсьць канкрэтныя зачэпкі. Апэратыўнікі і сьледчыя паліцыі працуюць над вызначэньнем асобы стралка і яго затрыманьнем. Дадаткова заўважу, што інфармацыя аб тым, што сталок быў апрануты ў вайсковую форму, не адпавядае рэчаіснасьці», — адзначыў кіраўнік МУС.
Дзям’ян Ганул — заснавальнік і кіраўнік ГА «Вулічны фронт», удзельнік «Рэвалюцыі годнасьці» і сутыкненьняў, якія адбыліся ў Адэсе 2 траўня 2014 году. У 2014–2016 гадах Ганул быў сябрам руху «Правы сэктар».
Форум