У ёй, акрамя заяваў пра посьпехі ў эканамічным супрацоўніцтве, асуджаецца «санкцыйная палітыка ў розных яе формах». Падкрэсьліваецца, што «аднабаковыя прымусовыя меры, якія прымаюцца ў абыход рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН», зьяўляюцца незаконнымі.
Таксама згадваюцца «дэстабілізацыйны дзеяньні краінаў NATO», сярод якіх «пляны па разгортваньні ў Эўропе амэрыканскіх ракет сярэдняй і меншай далёкасьці наземнага базаваньня, нарошчваньне супрацьракетнай інфраструктуры і істотных баявых сіл на межах Саюзнай дзяржавы». Лукашэнка і Пуцін асудзілі «агрэсіўна-канфрантацыйны характар палітыкі Эўрапейскага зьвязу ў адносінах да Беларусі і Расеі».
Па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна адбыўся абмен граматамі аб ратыфікацыі Дагавора аб гарантыях бясьпекі ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, які пасьля гэтага набыў моц.
Лукашэнка і Пуцін таксама падпісалі Пагадненьне аб мерах па ўзаемнай абароне грамадзян ад неабгрунтаванага перасьледу замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі органамі юстыцыі.
У пачатку лютага стала вядома, што Міжнародная плятформа прыцягненьня вінаватых да адказнасьці для Беларусі (IAPB) перадала ў канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) доказы і юрыдычны аналіз для папярэдняга вывучэньня пытаньня, ці валодае суд юрысдыкцыяй для расьсьледаваньня і перасьледу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці з боку рэжыму ў Беларусі.
13 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зь першым пасьля выбараў афіцыйным візытам прыляцеў у Маскву — без інаўгурацыі
Згодна з артыкулам 83 абноўленай Канстытуцыі Беларусі пераможца выбараў павінен скласьці прысягу «ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасьці чальцоў Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі, судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазьней, чым цягам двух месяцаў з дня абраньня».
ЦВК Беларусі абвясьціла афіцыйныя вынікі выбараў 3 лютага. Яны прайшлі 26 студзеня ў атмасфэры запалохваньня. У сьвеце не прызналі выбараў і, адпаведна, Лукашэнку як легітымнага кіраўніка дзяржавы.