На ўсіх беларускіх мэтэастанцыях трэці дзень запар фіксуюць тэмпэратурныя рэкорды, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамету.
Новы абсалютны максымум для 8 сакавіка склаў 19,6 градуса вышэй за нуль — такую тэмпэратуру зарэгістравалі ў Пінску. Ранейшы экстрэмум дня пратрымаўся шэсьць гадоў (плюс 17 градусаў у Брагіне). У самім Пінску перапісаны рэкорд 2019 году (+15,4 °C).
6 сакавіка рэкорд быў перавышаны на 2,7 градуса (19,7°C у Самахвалавічах супраць 17°C у Берасьці ў 1995 годзе), 7 сакавіка — на 2,1 градуса (19,4°C у Лельчыцах супраць 17,3°C у Гомлі таксама ў 1995-м).
2019 годам датуюцца перакрытыя 8 сакавіка рэкорды на 36 з 48 мэтэастанцыяў, архіў якіх даступны. У Езярышчы і Лепелі перапісаныя максымумы 1990 году, у Віцебску — 1995-га, у Лельчыцах — 1998-га, у Жлобіне, Мазыры і Акцябрскім — 2016-га, у Горках, Касьцюковічах, Мсьціславе, Воршы і Слаўгарадзе — 2017 году.
У Менску 8 сакавіка паветра прагрэлася да 15,2 градуса, у Берасьці — да 19,4°C, Горадні — да 16,9°C, Гомлі — да 16,6°C, Магілёве — да 16,5°C, Віцебску — да 14,5°C.
Згодна з прагнозам Белгідрамету, бліжэйшыя тры дні вельмі цёплае для пачатку вясны надвор’е захаваецца: 9 сакавіка чакаецца да 20 градусаў цяпла, 10-га — да 21°C. Праўда, сыноптык Дзьмітры Рабаў паведаміў дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, што ў панядзелак 10 сакавіка чакаецца ад 10 да 15 градусаў цяпла, 11 сакавіка — ад +10 да +14°C, а бліжэй да сярэдзіны тыдня, пачынаючы з паўночна-заходніх раёнаў, пачнецца пахаладаньне: уначы 12 сакавіка ад −1°C па паўночным захадзе да +7°C па паўднёвым усходзе, у дзённыя гадзіны — ад +8°C па поўначы да +15°C па паўднёвым усходзе.
Тэмпэратурны рэкорд сакавіка трымаецца 35 гадоў (23,1 градуса ў Лельчыцах 19 сакавіка 1990 году).
Форум