Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень у Беларусі патушылі 18 лясных пажараў, гарыць тарфянік. Пажараў у экасыстэмах сёлета ў 13 разоў больш


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 6-ай раніцы 8 сакавіка да 6-ай 9 сакавіка ў Беларусі ліквідавалі 18 лясных пажараў, 12 тарфяных і 258 пажараў травы і кустоў, вынікае з апэратыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі. 30 чалавек працягваюць тушыць пажар на тарфяніку ў Асіповіцкім раёне.

За содні ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях адбылося па шэсьць лясных пажараў, у Магілёўскай — чатыры, у Горадзенскай — два; для іх тушэньня прыцягнулі 44 адзінкі тэхнікі і 128 чалавек, паведамілі ў МНС. Агульная плошча лясных пажараў, якія ліквідавалі ратавальнікі, склала 4,96 гектара, тарфяных пажараў — 3 га, пажараў травы і кустоў — 37,9 га.

Паводле МНС, працягваецца тушэньне тарфянога пажару на тэрыторыі ТАА «Сельгасінвест» каля вёскі Краі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласьці. У тушэньні пажару задзейнічалі 9 адзінак тэхнікі і 30 чалавек. «Тушэньне ўскладняецца цяжкапраходнымі ўчасткамі мясцовасьці, адсутнасьцю натуральнай вільготнасьці і вялікай глыбінёй заляганьня торфу. Пажар лякалізаваны, па стане на 6.00 9 сакавіка плошча пажару складае 0,9 га», — гаворыцца ў зводцы.

У сувязі з ростам колькасьці загараньняў у прыродных экасыстэмах Брагінскае, Ельскае, Лельчыцкае, Мазырскае і Петрыкаўскае зьвёны Гомельскай тэрытарыяльнай падсыстэмы ДСНС «знаходзяцца ў рэжыме павышанай гатоўнасьці функцыянаваньня», адзначаецца ў зводцы МНС.

8 сакавіка МНС паведамляла пра ліквідацыю 23 лясных пажараў.

У Беларусі назіраецца павелічэньне колькасьці загараньняў у прыродных экасыстэмах у 13,4 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2024 году (з 54 да 726 выпадкаў) і павелічэньне плошчы ад іх узьдзеяньня ў 64 разы (з 4,3 га да 276,1 га), паведаміў 7 сакавіка міністар у надзвычайных сытуацыях Вадзім Сіняўскі падчас апэратыўнай нарады «ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі, зьвязанай з ростам пажараў у экасыстэме».

За дзень на пажарах у Беларусі загінулі 6 чалавек

Шэсьць чалавек загінулі ў пажарах у Беларусі за мінулыя дзяжурныя содні (з 6.00 8 сакавіка да 6.00 9 сакавіка), яшчэ 6 траўмаваныя на пажарах, сьведчаць апэратыўныя зьвесткі МНС. Трагічныя выпадкі гібелі людзей на пажарах здарыліся ў Віцебску, а таксама Аршанскім, Кобрынскім, Асіповіцкім, Слонімскім і Салігорскім раёнах.

Паводле зьвестак МНС, з пачатку году ў Беларусі адбылося 1487 пажараў — на 38,6% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году (1 073), у іх загінулі 179 чалавек (на 37,7% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась — 130 чалавек).

Як заўважыў «Позірк», характэрна, што ў зводцы 7 сакавіка паведамлялі пра 176 загінулых з пачатку году, пасьля гэтага, паводле статыстыкі МНС, ад агню ў Беларусі памерлі яшчэ сем чалавек.

У МНС раней прызналі, што ў Беларусі фіксуецца «сур’ёзная праблематычная сытуацыя» з гібельлю людзей на пажарах — пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі 4 сакавіка памочнік міністра ў надзвычайных сытуацыях Яўген Бараноўскі. Асноўнай прычынай росту колькасьці пажараў прадстаўнік МНС назваў «неасьцярожнае абыходжаньне з агнём, у першую чаргу зьвязанае з курэньнем у стане алькагольнага ап’яненьня».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG