У мітынгу насупраць беларускай амбасады ў Вільні ўзялі ўдзел каля 50 чалавек, сярод іх — лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, былыя палітвязьні Паліна Шарэнда-Панасюк, Ільля Міронаў, Аляксей Кірэеў і іншыя.
Удзельнікі акцыі трымалі партрэты беларускіх палітвязьняў, якіх доўгі час утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: акрамя Сяргея Ціханоўскага, гэта палітвязьні Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімер Кніга, Андрэй Навіцкі і Аляксандар Францкевіч. таксама мітынгоўцы трымалі расьцяжку «Лукашэнку — у Гаагу» і шматмэтровы плякат з фатаздымкамі соцень беларускіх палітвязьняў.
Падчас акцыі правялі збор подпісаў пад зваротам беларускай супольнасьці ў Вільні да ўладаў Беларусі, якую плянуюць перадаць праз амбасаду Беларусі ў Літве. Сярод сьпісу патрабаваньняў да беларускіх уладаў — «неадкладнае спыненьне практыкі ўтрыманьня людзей у рэжыме інкамунікада і забесьпячэньне доступу да палітвязьняў адкаватаў і іх сем’яў».
«Беспакаранасьць ня будзе доўжыцца вечна»
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала ўдзельнікам акцыі за салідарнасьць і заклікала працягваць змаганьне за вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў. Ціханоўская адзначыла, што 9 сакавіка споўнілася 2 гады, як яе муж, Сяргей Ціханоўскі, знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі — безь лістоў, званкоў, навінаў, і яна нават ня ведае, ці жывы ён.
«Я не магу прыняць той факт, што ў ХХI стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы чалавек можа гэтак зьнікнуць, а ягоная сям’я ніяк ня можа на гэта паўплываць», — сказала Ціханоўская.
Лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў нагадала, што, акрамя яе мужа, яшчэ сама меней восем беларускіх палітвязьняў доўгі час утрымліваюць у рэжыме інкамунікада, і пералічыла іх прозьвішчы. Ціханоўская адзначыла, што паводле дакумэнтаў ААН, утрыманьне зьняволенага ў рэжыме інкамунікада ёсьць незаконнай і антыгуманнай практыкай, якая парушае міжнародныя канвэнцыі.
«Калі рэжым хоча паказаць, што сапраўды гатовы да дыялёгу, ён павінен пачаць з аднаго — спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязьняў. І перш за ўсё — спыніць практыку інкамунікада.
Мы ўжо страцілі шэсьць палітвязьняў. Шэсьць чалавечых жыцьцяў, загубленых за кратамі. Мы ня можам дапусьціць, каб гэта паўтарылася», — заявіла Ціханоўская.
У сваёй прамове Ціханоўская зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці, заклікаўшы прадстаўнікоў Рады ў правах чалавека ААН патрабаваць доступу ў беларускія турмы, парлямэнтароў сьвету — гаварыць пра беларускіх палітвязьняў на разнастайных плятформах, браць іх пад патранаж, пісаць ім лісты, запыты ў турмы і інш., а урады ўсіх дэмакратычных краін — уводіць санкцыі супраць адказных за катаваньні ў Беларусі: кіраўнікоў турмаў, судзьдзяў, сьледчых. «Беспакаранасьці для іх ня будзе», — паабяцала Ціханоўская.
Таксама Ціханоўская зьвярнулася наўпрост да ўладаў Беларусі:
«Пакажыце сьвету, што гэтыя дзевяць чалавек жывыя. Пусьціце да іх адвакатаў, дайце ім магчымасьць напісаць сваім сем’ям. Дакажыце, што вы імкняцеся да дыялёгу», — заклікала Ціханоўская.
«Яны як зьніклыя бяз зьвестак падчас вайны»
Былыя палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк таксама лічыць, што знаходжаньне палітвязьняў у рэжыме інкамунікада — «сапраўднае катаваньне». Паліна Шарэнда-Панасюк нагадала пра зьняволеных жанчын, якіх трымаюць у асабліва цяжкіх умовах і згадала Вольгу Маёраву, Алена Гнаўк і Вікторыю Кульшу.
«Іх пазбаўляюць пасылак, а напярэдадні спатканьняў адмыслова кідаюць у ШЫЗА, каб не змаглі сустрэцца са сваякамі, яны ў вельмі цяжкім фізычным стане», — мяркуе Паліна Шарэнда-Панасюк.
Выступоўца параўнала беларускіх палітзьняволеных з ваеннапалоннымі ў часе вайны, бо лічыць «Беларусь акупаванай краінай», а тых, да каго ў вязьніцах ужываюць рэжым інкамунікада — са зьніклымі «бяз зьвестак».
Былы палітвязень Ільля Міронаў падзяліўся ўспамінамі, як перапісваўся зь Сяргем Ціханоўскім у 2021 годзе, падчас сьледзтва, калі той яшчэ знаходзіўся ў СІЗА і ліставаньне было магчымым. Ільля распавёў пра атрыманыя ад Ціханоўскага два лісты, у адным зь якіх быў верш. Гэтыя радкі Ільля зачытаў на мітынгу: там было пра тое, што аўтар паўстаў супраць несправядлівасьці і беззаконьня ў роднай краіне.
У другім лісьце, пра які распавёў Ільля Міронаў, Сяргей Ціханоўскі выказаў думку, што яму давядзецца адседзець у вязьніцы столькі, колькі «дазволіць беларускі народ». Ільля Міронаў заклікаў беларусаў не баяцца выказваць салідарнасьць, а сваю прамову скончыў воклічам «Жыве Беларусь!», які падхапілі ўдзельнікі мітынгу.
«Кожная запаленая вамі зьнічка — таксама ўнёсак у справу вызваленьня палітвязьняў», — сказала на мітынгу Натальля Калегава, кіраўніца дабрачыннай арганізацыі Dapamoga.
Хто з палітвязьняў знаходзіцца ці быў у рэжыме інкамунікада
Па стане на 9 сакавіка два гады ў рэжыме інкамунікада ўтрымліваюць Сяргея Ціханоўскага. Вядома таксама аб працяглым утрыманьні ў рэжыме інкамунікада палітвязьняў Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзімера Кнігі, Андрэя Навіцкага і Аляксандра Францкевіча.
Зь Сяргеем Ціханоўскім, папулярным у 2020 годзе блогерам каналу «Краіна для жыцьця», які заяўляў пра намер вылучацца на прэзыдэнта Беларусі, у сваякоў няма ніякай сувязі з 9 сакавіка 2023 году. Лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская, жонка Сяргея Ціханоўскага, ня бачылася зь ім з траўня 2020 году.
Сьвятлана Ціханоўская, як і беларускія праваабаронцы, мяркуе, што Сяргея Ціханоўскага трымаюць у поўнай ізаляцыі ад сьвету ў рэжыме інкамунікада: без магчымасьці бачыць сям’ю, абменьвацца лістамі ці атрымаць хоць бы слова падтрымкі ад сяброў. Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 19,5 года зьняволеньня.
Паводле праваабаронцаў, яго трымаюць у жодзінскай турме № 8. Сьвятлана Ціханоўская думае, што Сяргей моцна схуднеў: «Вядома, што ва ўсіх палітвязьняў узьнікаюць праблемы са здароўем, з зубамі, з вачыма».
Таксама больш за 2 гады, з 9 лютага 2023 году, няма зьвестак пра палітвязьня Максіма Знака, асуджанага на 10 гадоў зьняволеньня. Яго трымаюць у папраўчай калёніі № 3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам. У красавіку 2023 году праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў лютым Максіма Знака зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА, з таго часу больш зьвестак пра яго няма.
З 9 лютага 2023 году ў рэжыме інамунікада трымаюць таксама палітыка, кандыдата на прэзыдэнта па выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча. Яшчэ ў чэрвені 2022 году палітвязьня перавялі ў папраўчую калёнію № 13 у Глыбокім. Паводле крыніц, Статкевіча па чарзе трымаюць то ў адзіночнай камэры ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), то ў камэры штрафнога ізалятару, а таксама пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спатканьня. Мікалай Статкевіч асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня.
Паводле праваабаронцаў, зь лютага 2023 году не было сувязі з палітвязьнем журналістам Свабоды Ігарам Лосікам, асуджаным на 15 гадоў зьняволеньня. Ігар Лосік адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку. Сёлета 15 студзеня на беларускім тэлеканале АНТ быў паказаны прапагандысцкі фільм «Свабода слова», у якім зьнялі Ігара Лосіка ў турэмнай робе. Як потым стала вядома, здымкі адбываліся ў СІЗА КДБ.
З 5 лютага 2023 году ў рэжыме інкамунікада ўтрымліваўся былы старшыня Белгазпрамбанку, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2020 году Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня.
8 лютага 2025 году былі апублікаваныя фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, а былы палітвязень, цяперашні праўладны блогер Раман Пратасевіч перадаў яму лісты ад родных.
Тады ж сам Бабарыка праз Пратасевіча перадаў лісты сваім родным. Відэа, у якім палітвязень зьвярнуўся да сваякоў, таксама апублікаваў Раман Пратасевіч. На палітвязьні, як заўважылі праваабаронцы «Вясны» была жоўтая бірка зь лічбамі 3 і 10 у левым ніжнім кутку. Яны азначаюць прафіляктычныя ўлікі, на якія паставілі палітыка. Прафулік № 10 — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці»; прафулік № 3 — «схільны да нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі». Праваабаронцы ня маюць зьвестак, ці працягваецца ліставаньне Віктара Бабарыкі са сваякамі.
Валянтэр каманды Сьвятланы Ціханоўскай, былы сілавік Уладзімер Кніга знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада зь верасьня 2023 году. Трымаюць палітвязьня ў папраўчай калёніі № 14 у Навасадах. У 2021 годзе Ўладзімер Кніга быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня, але праз год паводле 411-га артыкулу КК аб «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» атрымаў да тэрміну яшчэ адзін год зьняволеньня. Паводле праваабаронцаў, сёлета Ўладзімера Кнігу зноў судзілі паводле таго ж артыкулу, але вынік суду дагэтуль невядомы. Крыніцы паведамілі, што палітвязьня трымаюць у ПКТ.
З красавіка 2024 году сваякі і знаёмыя нічога ня ведаюць пра палітвязьня, жыхара Менска Андрэя Навіцкага, які адбывае тэрмін у 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі № 20. У 2021 годзе Андрэй Навіцкі быў асуджаны паводле палітычных артыкулаў на 5 гадоў зьняволеньня, але пазьней яго двойчы судзілі за нібыта «злоснае непадпарадкаваньне», дадалі 2 гады зьняволеньня і зьмянілі рэжым адбыцьця пакараньня з узмоцненага на строгі.
Паводле «Вясны», у 2024 годзе на запыт да адміністрацыі калёніі аб прычынах, чаму з Андрэем Навіцкім няма сувязі, сваякам прыйшоў адказ, што ён «сам усё раскажа празь перапіску». Але лістоў ад Андрэя Навіцкага па-ранейшаму няма, адзначаюць праваабаронцы.
Як лічаць праваабаронцы, амаль 4 месяцы ў рэжыме інкамунікада знаходзіцца палітвязень Аляксандар Францкевіч, асуджаны на 17 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня. Адбываючы пакараньне, Аляксандар Францкевіч зьмяніў некалькі вязьніц. Пасьля суду яго спачатку ўтрымлівалі ў івацэвіцкай калёніі № 5, потым палітвязень быў зьмешчаны ў ПК-11 у Ваўкавыску. У 2024 годзе, пасьля першага суду паводле 411-га артыкулу, да апэляцыі Аляксандра Францкевіча трымалі ў СІЗА № 6 у Баранавічах.
Пасьля апэляцыі палітвязьня накіравалі ў папраўчую калёнію, але было невядома, у якую. Зь лістапада 2024 году сувязі з Аляксандрам няма. Пазьней прыйшлі зьвесткі, што Францкевіча перавялі ў аршанскую калёнію № 8. Праваабаронцам таксама стала вядома, што ў Воршы над палітвязьнем адбыўся новы суд паводле 411 артыкулу КК, аднак вынік працэсу застаецца нявысьветленым. Зьвестак ад самога Аляксандра Францкевіча дагэтуль няма.
Форум