Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы пра сытуацыю зь незалежнымі журналістамі Беларусі: працягваецца ціск на радзіме і цяжкасьці ў выгнаньні


Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі ў Вільні, 2023
Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі ў Вільні, 2023

У штогадовай справаздачы «Свабода прэсы ў Эўропе: час пераламіць сытуацыю» Плятформы па ўмацаваньні абароны журналістыкі і бясьпекі журналістаў гаворыцца аб працягу рэпрэсіяў супраць незалежных мэдыя і журналістаў у Беларусі, а таксама пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца журналісты ў вымушанай эміграцыі.

Плятформа, створаная Радай Эўропы ў 2015 годзе ў супрацоўніцтве зь вядучымі міжнароднымі НДА, якія працуюць у галіне свабоды выказваньня думак, і журналісцкімі асацыяцыямі, штогод паведамляе пра пагрозы бясьпецы журналістаў і свабодзе СМІ ў Эўропе «з мэтай узмацненьня рэакцыі Рады Эўропы» на гэтыя пагрозы і дае рэкамэндацыі ўстановам і дзяржавам — сябрам Рады Эўропы і Эўразьвязу.

У справаздачы Плятформа ахоплівае сытуацыю ў 46 краінах — сябрах Рады Эўропы, а таксама ў Беларусі, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, і Расеі, якую выключылі зь яе пасьля 2022 году.

Агулам у справаздачы адзначаецца значны рост колькасьці фізычных нападаў на журналістаў, асабліва ва Ўкраіне (19 нападаў за год, у асноўным у сувязі з поўнамаштабным уварваньнем Расеі) і ў Грузіі (8 нападаў падчас пратэстаў). Паводле справаздачы, сытуацыя для прадстаўнікоў СМІ ў Грузіі пагоршылася мацней, чым у любой іншай дзяржаве.

Таксама ў справаздачы гаворыцца, што свабода слова ў журналістыцы зазнае нападкі з боку палітычных дзеячаў або спробы аказаць на яе ўплыў, ці праз рэзкае скарачэньне фінансаваньня. У якасьці адмоўных прыкладаў аўтары прыводзяць Італію і Славакію.

Пра сытуацыю ў Беларусі

Што да сытуацыі ў Беларусі, у справаздачы адзначаецца, што рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля пратэстаў 2020 году, «ня сьціхлі» і «ўлады Беларусі працягваюць душыць любую незалежную журналістыку»: па стане на канец 2023 году ў Беларусі за сваю працу ў турме знаходзіліся сама меней 37 журналістаў (па стане на 5 сакавіка 2025 году — 40 работнікаў СМІ, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Рэд.).

«У 2023 годзе было арыштавана больш за 20 беларускіх журналістаў, палову зь якіх ужо асудзілі на турэмнае зьняволеньне праз розныя абвінавачаньні: у падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасьці, распаўсюдзе экстрэмісцкага кантэнту; дыскрэдытацыі Беларусі; удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі; падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле у іх», — гаворыцца ў справаздачы Плятформы.

Журналісты і іхныя сем’і ў Беларусі працягваюць сутыкацца зь ператрусамі, канфіскацыяй прафэсійнага абсталяваньня (што таксама ставіць у небясьпеку крыніцы інфармацыі журналістаў, адзначаецца ў справаздачы), «прызнаньнямі» пад прымусам перад камэрай, прымушэньнем адвакатаў падпісваць пагадненьні аб невыдаваньні інфармацыі пра палітычныя справы над журналістамі; судовыя працэсы над імі праходзяць за зачыненымі дзьвярыма, а пасьля суду яны вымушаныя трымаць маўчаньне падчас турэмнага зьняволеньня ці хатняга арышту.

«Чыстка СМІ закранула нават беларускі прапагандысцкі апарат і СМІ, якія да гэтага часу лічыліся нэўтральнымі ці „згаворлівымі“. Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. У дзяржаўных СМІ дастаткова адной „дрэннай“ крыніцы ці аднаго няслушнага слова, каб наклікаць на сябе гнеў уладаў. Сьпіс экстрэмісцкага кантэнту расьце з кожным днём, часта без тлумачэньняў», — гаворыцца ў справаздачы.

У ёй таксама адзначаецца, што папраўкі да закону «Аб СМІ», прынятыя ў Беларусі ў ліпені 2023 году, упаўнаважваюць Міністэрства інфармацыі «забараняць» замежныя СМІ, іх дзейнасьць і акрэдытацыю ў краіне. Папраўкі пашыраюць падставы для блякаваньня навінавых сайтаў і агрэгатараў і ўпаўнаважваюць органы ўлады адмяняць рэгістрацыю СМІ, якія займаюцца дзейнасьцю, якую рэжым Лукашэнкі лічыць «экстрэмісцкай» ці «тэрарыстычнай». Згадваецца прызнаньне беларускіх незалежных СМІ, а таксама Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і Беларускага расьследніцкага цэнтру «экстрэмісцкімі» арганізацыямі.

У справаздачы прыводзяць зьвесткі Беларускай асацыяцыі журналістаў, згодна зь якімі сама меней 400 беларускіх незалежных журналістаў эмігравалі зь Беларусі пасьля масавых пратэстаў 2020 году пад пагрозай перасьледу.

«Акрамя таго, беларускія журналісты, якія знаходзяцца ў выгнаньні, цяпер могуць быць пазбаўленыя грамадзянства, калі яны раней былі асуджаныя па „антыдзяржаўных“ абвінавачваньнях», — адзначаюць аўтары справаздачы.

У ёй гаворыцца, што паралельна з гэтым «некаторыя краіны, якія сталі новым домам для СМІ ў выгнаньні, узмацняюць жорсткасьць сваіх іміграцыйных і рэзыдэнцкіх законаў».

Нядаўняе апытаньне 212 сярод расейскіх і беларускіх работнікаў СМІ паказала, што 60% рэспандэнтаў атрымалі некаторую ступень дапамогі ад урадавых і няўрадавых арганізацыяў пасьля пераезду, у той час як 40% не атрымалі ніякай, гаворыцца ў справаздачы. Сярод асноўных патрэбаў, названых журналістамі ў эміграцыі, — фінансавая падтрымка; юрыдычная і візавая дапамога, дапамога з прафэсійнай адукацыяй і доступам да мясцовых мэдыясупольнасьцяў, а таксама псыхалягічная падтрымка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG