Савет Міністраў Беларусі ўхваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі для ўмацаваньня нацыянальнай сыстэмы прафіляктыкі, лячэньня, догляду і падтрымкі ў сувязі зь ВІЧ і сухотамі.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, каардынацыю і эфэктыўны кантроль за рэалізацыяй праекту будзе выконваць Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
У дакумэнце не называюць дакладных аб’ёмаў і паходжаньня тэхнічнай дапамогі, але раней Глябальны фонд барацьбы зь СНІД, тубэркулёзам і малярыяй ААН паведамляў, што аб’ём фінансаваньня новага праекту з такой назвай, разьлічанага на 2025–2027 гады, складае 23 мільёны даляраў. Сродкі з новага гранту плянуюць накіраваць на набыцьцё лекаў, сродкаў дыягностыкі, прафіляктыку распаўсюду ВІЧ і сухотаў, а таксама на барацьбу з найбольш небясьпечнай і ўстойлівай да лекаў формай тубэркулёзу.
Беларусь атрымлівае гранты Глябальнага фонду ААН на прафіляктыку і лячэньне ВІЧ і сухотаў з 2007 году. Гэтая арганізацыя не спыняла свайго фінансаваньня пасьля 2020 году, калі большасьць міжнародных арганізацый спынілі супрацу зь Беларусьсю пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту.
Заяўку на новы грант улады Беларусі пачалі рыхтаваць у 2023 годзе. Летась у рамках папярэдняга аналягічнага праекту Беларусь, сярод іншага, атрымала таксама тры мікрааўтобусы для мабільных пунктаў прафіляктыкі ВІЧ.
Форум