Настаўніцу судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 году
У судзе Ленінскага раёну Менску 5 сакавіка пачынаецца працэс над Янай Чобат. Дзяўчыне інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), паведамляе «Вясна». Ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Працэс вядзе судзьдзя Анастасія Ачалава.
Яне Чобат 28 гадоў. Яна жыхарка Менску. Пасьля школы скончыла ўнівэрсытэт і працуе настаўніцай фізкультуры ў адной зь менскіх школ. Таксама яна фітнэс-трэнэрка. Захапляецца аматарскім трыятлёнам і конным спортам, піша «Наша ніва».
Судзяць гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў
5 сакавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску пачынаецца суд над Тамарай Патоцкай. Працэс будзе весьці судзьдзя Анастасія Ляйкоўская, паведамляе «Вясна».
Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Тамару Патоцкую затрымалі 5 сьнежня 2024 году ў Баранавічах. Пазьней стала вядома, што жанчыну перавялі ў менскае СІЗА № 1.
У 2020 годзе Тамара Патоцкая была ў ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай, яе арыштоўвалі на 15 дзён. Паводле знаёмых Патоцкай, пасьля 2020 году жанчына грамадзкай актыўнасьці не праяўляла, займалася толькі аграсядзібай.
У 2022 годзе Тамара Патоцкая атрымала штраф за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Форум