Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У звароце да Кангрэсу ЗША Трамп заявіў, што Зяленскі гатовы падпісаць пагадненьне аб карысных выкапнях «у любы час»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 4 сакавіка выступіў са стохвіліннай прамовай перад абедзьвюма палатамі Кангрэсу Злучаных Штатаў. Трамп сярод іншага заявіў, што прэзыдэнт Украіны Зяленскі напісаў яму, што гатовы да перамоваў з Расеяй аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.

Дональд Трамп сказаў Кангрэсу ў сваёй прамове, што атрымаў ліст ад Уладзіміра Зяленскага, у якім украінскі лідэр выказаў гатоўнасьць сесьці за стол перамоваў і прапанаваў падпісаць пагадненьне аб пастаўках карысных выкапняў Украіны «ў любы час», піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа\Радыё Свабода Тод Прынс.

«Сёньня раніцай я атрымаў важны ліст ад прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага. У лісьце гаворыцца: „Украіна гатовая сесьці за стол перамоваў як мага хутчэй, каб наблізіць трывалы мір. Ніхто ня хоча міру больш, чым украінцы“, — сказаў ён», — прамовіў Трамп, цытуючы ліст.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што кожны тыдзень на вайне ва Ўкраіне гіне 2000 чалавек — маладыя расейцы і маладыя ўкраінцы.

«Я хачу, каб гэта спынілася», — сказаў ён, заявіўшы, што Злучаныя Штаты выдаткавалі «магчыма, 350 мільярдаў даляраў» на дапамогу Ўкраіне, у той час як Эўропа — усяго 100 мільярдаў даляраў. Эўрапейскія лідэры аспрэчвалі аналягічныя папярэднія заявы афіцыйных асобаў ЗША.

У звароце да Кангрэсу Трамп не згадаў пра сваю публічную сварку зь Зяленскім на мінулым тыдні ў Авальным кабінэце. Зьмяніўшы наратыў, ён сказаў: «Мы вельмі добра ладзім зь імі, і шмат чаго адбываецца».

Прамова Трампа прагучала празь некалькі гадзін пасьля таго, як ён аб’явіў пра прыпыненьне ўсёй вайсковай падтрымкі ЗША Ўкраіне ў яе барацьбе ў адбіцьці ўварваньня расейскіх войскаў і пасьля публічнай спрэчкі ў Белым доме.

Зяленскі пакінуў Белы дом 28 лютага пасьля спрэчкі, і яны з Трампам не падпісалі найважнейшую дамову аб карысных выкапнях Украіны. Падчас прэс-канфэрэнцыі 3 сакавіка Трамп сказаў, што ня лічыць пагадненьне «мёртвым».

Трамп зрабіў спыненьне вайны ва Ўкраіне прыярытэтам і перакуліў трохгадовую палітыку ЗША «з ног на галаву», зьвярнуўшыся наўпрост да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, якога ягоны папярэднік Джо Байдэн ізаляваў палітычна з пачатку вайны ў лютым 2022 году.

Дэніел Вайдыч, прэзыдэнт Yorktown Solutions, якая лабіюе інтарэсы Кіева, заявіў, што пагадненьне аб карысных выкапнях будзе выгаднае як Украіне, так і Злучаным Штатам, бо яно «дае ЗША канкрэтныя актывы ва Ўкраіне, якія цяпер трэба абараняць. Фонд, створаны ў рамках пагадненьня, стане важным мэханізмам для прыцягненьня прыватнага сэктару ЗША да інвэстыцыяў у аднаўленьне Ўкраіны, дадаў Вайдзіч, былы дарадца некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Трамп прасоўваў пагадненьне як спосаб кампэнсаваць мільярды даляраў падтрымкі ЗША з пачатку вайны і апраўдаць працяг дапамогі.

Трамп таксама згадаў мільярды даляраў, якія ЗША адправілі на падтрымку абароны Ўкраіны, адначасова крытыкуючы Эўропу за набыцьцё расейскай нафты і газу, а свайго папярэдніка, прэзыдэнта Джо Байдэна, за дазвол на выдзяленьне большай колькасьці грошай на дапамогу, чым выдаткавала Эўропа.

Гэта быў першы выступ Трампа на сумесным паседжаньні Кангрэсу з моманту ўступленьня на пасаду менш за 50 дзён таму.

Прэзыдэнт ЗША пачаў сваю прамову са словаў «Амэрыка вярнулася» і расхваліў сваю палітыку ў дачыненьні да іміграцыі, злачыннасьці і намаганьняў Дэпартамэнту эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня (DOGE) на чале зь мільярдэрам Іланам Маскам у скарачэньні дзяржаўных выдаткаў.

Трамп прыпісаў Маску выяўленьне «сотняў мільярдаў даляраў махлярства», што нашмат перавышае тое, што адміністрацыя заяўляла да гэтага часу.

Трамп прытрымліваўся стратэгіі «шоку і трапятаньня» з моманту сваёй інаўгурацыі 20 студзеня, абвясьціўшы пра радыкальныя зьмены ва ўнутранай і замежнай палітыцы, часта выкарыстоўваючы ўказы прэзыдэнта, каб абысьці Кангрэс, паколькі ён імкнецца выканаць свае перадвыбарныя абяцаньні.

Трамп заявіў, што з моманту ягонай інаўгурацыі «гэта былі ня што іншае, як хуткія і няўмольныя дзеяньні, каб абвясьціць пра найвялікшую і самую пасьпяховую эпоху ў гісторыі нашай краіны».

Адным з самых спрэчных крокаў Трампа сталі 25-працэнтныя мыты на тавары з Канады і Мэксыкі, двух найбуйнейшых гандлёвых партнэраў ЗША, якія набылі моц 4 сакавіка, справакаваўшы самае рэзкае падзеньне амэрыканскіх акцыяў за апошнія два месяцы.

«Тарыфы накіраваныя на тое, каб зноў зрабіць Амэрыку багатай і зноў зрабіць Амэрыку вялікай. І гэта адбываецца, і адбудзецца даволі хутка», — сказаў Трамп.

Раян Сўіт, галоўны эканаміст па ЗША ў Oxford Economics, лічыць, што мыты прывядуць да запаволеньня росту эканомікі ЗША, а таксама да росту беспрацоўя і інфляцыі.

«Эканоміка ўжо дрэнна стартавала сёлета з прычыны незвычайна халоднага студзеня, лясных пажараў у Лос-Анджэлесе і ўсплёску палітычнай нявызначанасьці. Тарыфы, хутчэй за ўсё, толькі ўзмоцняць асьцярогі, што дрэнны пачатак году можа перарасьці ў нешта горшае», — заявіў Сўіт у нататцы ад 4 сакавіка.

  • 16x9 Image

    Тод Прынс

    Тод Прынс — старшы карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне (ЗША). З 1999 па 2016 год ён жыў у Расеі, дзе працаваў журналістам у Bloomberg News і інвэстыцыйным дарадцам у кампаніі Merrill Lynch. Шмат падарожнічаў па Расеі, Украіне і Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG