У Пінску ў памяшканьні вайсковага камісарыяту прайшоў суд над маладым чалавекам, які ўхіляўся ад прызыву ў войска.
Як адзначаецца ў матэрыяле, апублікаваным тэлерадыёкампаніяй «Пінск», малады чалавек на судовым пасяджэньні паведаміў, што пазьбягаў прызыву, бо баяўся адпраўкі на службу на мяжу з Украінай.
Справу разглядаў старшыня суда Пінскага раёну і горада Пінску Іван Корэц. Ён паведаміў, што цяпер ухіленьне ад службы ў войску зьяўляецца крымінальным злачынствам, таму не прадугледжвае такой санкцыі, як штраф.
Адвакат прасіў суд улічыць зьмякчальныя абставіны свайго падабароннага Сьвідаровіча — сталую працу, прызнаньне віны, першае абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. У выніку суд вынес пастанову аб арышце маладога чалавека на адзін месяц.
У матэрыяле адзначаецца, што раней аналягічнае пакараньне суд вынес яшчэ аднаму хлопцу, які ўхіляўся ад прызыву ў войска.
Раней праваабаронцы называлі некалькі выпадкаў, калі за ўхіленьне ад прызыву ў войска ў Беларусі выносілі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») тых, каго затрымлівалі на мяжы.
Форум