Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Каранкевіча, Анатоля Сівака і Юрыя Шулейку намесьнікамі прэм’ер-міністра. Дзяржаўнае агенцтва БелТА нагадала, што яны працавалі на гэтых пасадах ва ўрадзе і да выбараў 26 студзеня.
Таксама 4 сакавіка Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў. Новым міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання стаў Юры Горлаў. Да гэтага ён займаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці (зь верасьня 2023 году).
Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Аляксандар Студнеў. Да гэтага, з кастрычніка 2022 году, ён быў старшынём Магілёўскага гарвыканкаму.
Захавалі свае пасады міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, міністар лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік, міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Масьляк, міністар прамысловасьці Аляксандар Яфімаў, міністар транспарту і камунікацыяў Аляксей Ляхновіч і міністар энэргетыкі Аляксей Кушнарэнка. Пра іх перапрызначэньне Лукашэнкам паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У той жа час адпаведных указаў аб іх прызначэньні пакуль не абнародавалі.
Трэцяга сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб перапрызначэньні большасьці міністраў і віцэ-прэм’ераў — Мікалая Снапкова і Ўладзіміра Караніка — у новы склад ураду Беларусі. Увечары 3 сакавіка Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ.
Форум