Урачыстая цырымонія прайшла 4 сакавіка ў залі гарадзкой рады. Рашэньне аб прысваеньні Сьвятлане Ціханоўскай званьня ганаровай грамадзянкі гарадзкая рада Балёньні аднагалосна ўхваліла 18 сьнежня 2023 году.
Ганаровае грамадзянства «гэта ня проста сымбалічны жэст, але канкрэтны знак блізкасьці да яе барацьбы і барацьбы беларускага народа», заявіла старшыня гарадзкой рады Балёньні Марыя Катэрына Манка, піша італьянская прэса.
«Гэты жэст нясе сабой важнае пасланьне салідарнасьці для ўсяго беларускага народу, які змагаецца супраць дыктатуры. Італія і Балёньня змагаюцца за каштоўнасьці і прынцыпы, на якіх заснавана ваша краіна і за якія людзі ў Беларусі ахвяруюць жыццём і свабодай», — сказала ў адказ Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская з 3 сакавіка знаходзіцца зь візытам у Італіі. У праграме яе візыту паездкі ў Флярэнцыю, Балёньню і Мілян, сустрэчы з мэрамі гэтых гарадоў. Падчас іх Ціханоўская, сярод іншага, плянуе абмеркаваць магчымасьць выдзяленьня памяшканьня для арганізацыі беларускага шэлтэру. У Міляне яна наведае выставу, прысьвечаную беларускім палітвязьням.
Чакаецца, што 6 сакавіка ў Рыме Ціханоўская выступіць з прамовай на другой сустрэчы альянсу парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», у якой прымуць удзел прадстаўнікі 20 парлямэнтаў розных краін, беларускія экспэрты і праваабаронцы, сябры Каардынацыйнай рады, беларускіх палітычных партыяў і «народных амбасадаў». Падчас сустрэч Ціханоўская плянуе узьняць пытаньні вызваленьня палітвязьняў, візавай падтрымкі беларусаў, захаваньня іх мабільнасьці і пытаньні іх легалізацыі ў Італіі, а таксама прыцягненьне да адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі «за злачынствы супраць правоў чалавека і ўдзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне».
- Да выбараў прэзыдэнта Беларусі 2020 году Сьвятлана Ціханоўская была перакладчыцай, але падзеі таго году радыкальна зьмянілі яе жыцьцё. Яна зарэгістравала сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах пасьля таго, як яе мужа, прадпрымальніка і блогера Сяргея Ціханоўскага, да іх не дапусьцілі.
- Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі. У лютым 2024 году яму дадалі яшчэ 1,5 года ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411). Амаль 2 гады Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — без аніякай сувязі з вонкавым сьветам.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, пераможцам назвалі Аляксандра Лукашэнку, нягледзячы на шматлікія паведамленьні пра фальсыфікацыі на ўсіх узроўнях, пачаліся самыя масавыя ў гісторыі Беларусі пратэсты, якія суправаджаліся беспрэцэдэнтным узроўнем гвалту сілавікоў супраць удзельнікаў пратэстаў.
- Ціханоўская пад ціскам беларускіх уладаў вымушана выехала ў Літву і стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.
- У сакавіку 2023 году Ціханоўскай завочна прысудзілі ў Менску 15 гадоў пазбаўленьня волі па цэлым шэрагу цяжкіх артыкулаў, уключаючы дзяржаўную здраду.
- За сваю палітычную дзейнасьць Ціханоўская двойчы была намінаваная на Нобэлеўскую прэмію міру (у 2021 і 2022 гадах). Як лідэрка беларускага дэмакратычнага руху Ціханоўская атрымала прэмію Сахарава «За свабоду думкі» Эўрапейскага парлямэнту 2020 году, а таксама — разам з Марый Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай — прэмію Карла Вялікага ў 2022 годзе. Амэрыканскі Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED) узнагародзіў Ціханоўскую мэдалём «За заслугі перад дэмакратыяй».
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Форум