3 сакавіка Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Менскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненьні да двух замежнікаў, якіх падазраюць у «незаконным абароце асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе міжнароднай злачыннай арганізацыі», паведамляе прэс-служба ведамства.
Згодна з матэрыяламі справы, замежнікі са сьнежня 2021 па 27 сакавіка 2024 году ўступілі ў міжнародную злачынную арганізацыю «Хім-прам» (пасьля перайменаваная ў «Мурмур Шоп»), у складзе якой незаконна прадавалі ў Беларусі псыхатропныя рэчывы агульнай вагой больш за 445 кг.
Аднаго з замежнікаў таксама падазраюць у крадзяжы асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў у буйным памеры, іх незаконным набыцьці з мэтай продажу, а таксама іх захоўваньні, перавозцы, у тым ліку празь беларускую мяжу. Паводле Генпракуратуры, гэтыя злачынствы «не ахопліваліся злачынным намерам кіраўніка» групоўкі, у якую ўваходзілі падазраваныя. Яму прад’явілі абвінавачаньні паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 327, ч. 3 і 4 арт. 328, ч. 2 арт. 328-1.
Другому замежніку прад’явілі абвінавачаньні паводле двух артыкулаў — ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 4 арт. 328 (незаконны абарот псыхатропных рэчываў у складзе арганізаванай групы).
Абраную раней для абодвух меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту намесьнік генпракурора пакінуў бязь зьмены.
- Паводле зьвестак Дзяржаўнага мытнага камітэту, у 2024 годзе ў Беларусі канфіскавалі 1622 тоны наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў — амаль удвая больш, чым за папярэдні год, піша «Позірк». Зафіксавалі 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, завялі 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.
- У лістападзе 2024 году былыя сілавікі з аб’яднаньня BelPol на падставе аналітычнай даведкі МУС Беларусі, якая трапіла ў іх распараджэньне, адзначалі, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псыхатропаў у Беларусь зьяўляецца Расея.
- З дакумэнта вынікае, што ў першай палове 2024 году ў Беларусі выявілі 17 каналаў паставак забароненых рэчываў: у 14 выпадках (82,4%) наркотыкі і псыхатропы паступалі з Расеі, у двух — з Польшчы, у адным — зь Літвы.
Форум