У сталіцы Нямеччыны Бэрліне праходзіць антываенны марш «Расея супраць Пуціна». Яго ўдзельнікі сабраліся на Патсдамскай плошчы і рушылі калёнай да пасольства Расеі, дзе месьціцца мэмарыял памяці Аляксея Навальнага, якога год таму пахавалі. Ён памёр у калёніі.
Як паведаміў у этэры тэлеканалу «Настоящее время» карэспандэнт Deutsche Welle, удзельнікаў акцыі значна менш, чым на папярэднім маршы, які адбыўся 17 лістапада 2024 году. Тады, паводле розных ацэнак, на антываенны марш выйшлі ад 1800 да 5000 чалавек. Першага сакавіка, паводле слоў карэспандэнта, паліцыя ацэньвае колькасьць удзельнікаў толькі ў тысячу.
Удзельнікі маршу ідуць з плякатамі з антываеннымі лёзунгамі, імёнамі палітычных зьняволеных, сьцягамі Ўкраіны, Эўразьвязу і Расеі. Ёсьць ЛГБТК+ сьцягі і бела-блакітна-белыя сьцягі, якія некаторыя расейцы сталі выкарыстоўваць як антываенныя і альтэрнатыўныя цяперашняму бела-сіня-чырвонаму дзяржаўнаму сьцягу Расеі. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі нясуць чорна-жоўта-белыя сьцягі Расейскай імпэрыі.
На марш таксама прыйшлі прыхільнікі «Расейскага добраахвотніцкага корпусу». Гэта злучэньне ваяроў з Расеі, якое змагаецца на баку Ўкраіны. Выданьне «Агенство» напісала, што перад пачаткам акцыі адна з удзельніц спрабавала падпаліць расейскі сьцяг.
Форум