Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваюць судзіць японца, абвінавачанага ў шпіянажы. Прызначылі дату працягу слуханьняў


У Менскім гарадзкім судзе, архіўнае фота
У Менскім гарадзкім судзе, архіўнае фота

Чарговае паседжэньне ў справе грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі адбудзецца 10 сакавіка.

Працяг суду над мужчынам, якога абвінавачваюць паводле арт. 3581 КК (агентурная дзейнасьць), адбудзецца 10 сакавіка — роўна праз два месяцы пасьля таго, як працэс пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе.

Згодна з раскладам электроннага судаводзтва, наступнае слуханьне пройдзе ў закрытым рэжыме. Справу па-ранейшаму разглядае судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, якая раней вынесла шэраг палітычна матываваных выракаў, адзначае «Позірк».

Наканісі Масатосі затрымалі ў ліпені 2024 году, пра што стала вядома 5 верасьня ў рэпартажы «Правал „самурая“ з Токіё» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1». Японцу пагражае да сямі гадоў калёніі.

Начальнік Сьледчай управы КДБ Канстанцін Бычак сьцьвярджаў, што замежнік на тэрыторыі Беларусі займаўся зборам і перадачай на адрас японскіх спэцслужбаў «выведніцкай інфармацыі вайсковага характару, у прыватнасьці, пра беларускую вайсковую інфраструктуру, перамяшчэньне войскаў і вайсковай тэхнікі, пра цяперашнюю сытуацыю на паўднёвым кірунку».

У рэпартажы сказалі, што Наканісі Масатосі пераехаў у Гомель у 2018 годзе. З абласнога цэнтру ён нібыта езьдзіў у раён беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе «здымаў дарогі, масты, стратэгічныя аб’екты, кшталту вакзалаў ці аэрапортаў, інфраструктуру вайсковых аб’ектаў, а таксама чыгуначныя каляіны, напрыклад, там, дзе ляжаць вузкакалейныя рэйкі».

Беларускія сілавікі гавораць, што падазраваны за шэсьць гадоў жыцьця ў Беларусі нібыта зрабіў больш за 9 тысяч «дакладных фатаграфій зь беларуска-ўкраінскага памежжа», якія ён «баяўся перадаваць празь інтэрнэт, а хацеў выключна асабіста, у рукі» аддаць «куратарам» па прыбыцьці ў Японію.

Пра затрыманьне ў Беларусі яшчэ аднаго японскага грамадзяніна за здымку аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры стала вядома летась 3 сьнежня.

У Беларусі пад сьледзтвам яшчэ адзін японец, я кому таксама закідаюць шпіянаж. Раней японскія дыпляматы запэўнілі сваіх суграмадзян, што трымаюць становішча гэтых вязьняў на кантролі і надаюць ім неабходную дапамогу.

Арышты ў падазрэньнях у названых «шпіёнскіх» справах пацягнула пагаршэньне дыпляматычных дачыненьняў Японіі зь Беларусьсю. Амбасада Беларусі ў Токіё 10 лютага прыпыніла прыём беларускіх і замежных грамадзянаў у консульскіх пытаньнях. Да таго японскім дыпляматам у Беларусі не дазволілі прысутнічаць на судзе над Масатосі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG