Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібан заявіў пра заканчэньне пагадненьняў, падпісаных у Катары з ЗША


Пагадненьне ў Досе паміж талібамі і ЗША падпісалі адмысловы прадстаўнік ЗША ў пытаньнях прымірэньня ў Афганістане Залмай Халілзадэ (зьлева) і лідэр талібаў мула Барадар Абдул-Гані. Здымак 29 лютага 2020 году
Пагадненьне ў Досе паміж талібамі і ЗША падпісалі адмысловы прадстаўнік ЗША ў пытаньнях прымірэньня ў Афганістане Залмай Халілзадэ (зьлева) і лідэр талібаў мула Барадар Абдул-Гані. Здымак 29 лютага 2020 году

Ісламісцкія кіраўнікі Афганістану заяўляюць, што больш ня лічаць пагадненьне ў Досе — мірную ўгоду з Злучанымі Штатамі, якая адкрыла шлях для вываду заходніх сілаў з краіны — сапраўдным.

Выступаючы 28 лютага, у пятую гадавіну пагадненьня, галоўны прэс-сакратар талібаў Забіхула Муджахід заявіў, што ўгода абмежаваная пэўным пэрыядам часу, які ўжо скончыўся.

«У Ісламскага Эмірату ёсьць свая сыстэма кіраваньня, і цяпер мы больш ня рухаемся наперад на грунце гэтага пагадненьня», — сказаў ён дзяржаўнай тэлевізіі, паведамляе Radio Azadi.

Маджахід заявіў, што талібы выканалі свае асноўныя абавязальніцтвы па пагадненьні, ня даўшы Афганістану стаць пляцдармам для тэрарыстычных нападаў на Вашынгтон і яго хаўрусьнікаў. Ён заклікаў Вашынгтон «зрабіць станоўчыя крокі для ўзаемадзеяньня з Афганістанам» і дапамагчы ў выдаленьні лідэраў Талібану зь міжнародных санкцыйных сьпісаў.

Пагадненьне ў Досе адкрыла шлях да вываду амэрыканскіх вайскоўцаў з Афганістану ў абмен на гарантыі змаганьня з тэрарызмам, атрыманыя ад Талібану. Аднак важныя часткі пагадненьня, якія патрабуюць перамоваў паміж афганцамі для стварэньня новага пераходнага ўраду, так і не былі цалкам выкананыя. Некаторыя афіцыйныя асобы ЗША абвінавацілі ўгоду ў Досе ў тым, што тыя перамовы сталі прычынай распаду празаходняй афганскай рэспублікі пасьля канчатковага вываду амэрыканскіх войскаў 31 жніўня 2021 году.

Пагадненьне ўзгаднілі і падпісалі пры першай адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У дэбатах у час прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў верасьні Трамп назваў той дакумэнт «вельмі добрым пагадненьнем» і абвінаваціў свайго пераемніка, прэзыдэнта Джо Байдэна, у гібелі салдат у час вываду, а таксама ў тым, што той пакінуў зброю і ня выканаў умоваў пагадненьня.

Нягледзячы на тое, што талібы вельмі хутка вярнулі ўладу ў краіне пасьля выхаду амэрыканскіх вайскоўцаў, ніводная краіна яшчэ афіцыйна не прызнала іхны ўрад.

Унутры Афганістану талібы стварылі ўрад на чале са сваім духоўным кіраўніцтвам. Ён увёў вельмі жорсткія забароны і абмежаваньні на адукацыю, працу, перасоўваньне і грамадзкую ролю афганскіх жанчын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG