Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас заявіла, што NATO прапануе Ўкраіне найлепшыя гарантыі бясьпекі, і адзначыла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паддаўся «расейскаму наратыву», заявіўшы, што сяброўства Ўкраіны ў Альянсе будзе выключанае ў рамках урэгуляваньня расейска-ўкраінскай вайны.
У інтэрвію агенцтву AFP падчас візыту ў Вашынгтон 27 лютага галоўная дыпляматка ЭЗ Калас заявіла, што краіны NATO ніколі не нападалі на Расею, якая «баіцца дэмакратыі».
«Чаму мы ў NATO? Гэта таму, што мы баімся Расеі. І адзінае, што сапраўды працуе, — адзіная гарантыя бясьпекі, якая працуе, — гэта парасон NATO», — сказала яна.
Раней на гэтым тыдні Трамп заявіў, што Ўкраіна можа «забыць» аб уступленьні ў NATO ў рамках любога ўрэгуляваньня. «Я думаю, што гэта прычына, чаму ўсё пачалося», — сказаў Трамп.
Калас падкрэсьліла, што гэтыя абвінавачаньні «абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці». «Гэта расейскі наратыў, на які мы не павінны пагаджацца», — сказала яна.
Калас таксама папярэдзіла, што эўрапейцы ня змогуць дапамагчы дасягнуць канчатковага пагадненьня аб спыненьні агню ў трохгадовай поўнамаштабнай вайне Расеі з Украінай, калі яны ня будуць запрошаныя Трампам, які зьвярнуўся непасрэдна да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт заявіў 12 лютага, што трывалы мір для Ўкраіны павінен уключаць надзейныя гарантыі бясьпекі, каб вайна не пачалася ізноў. У той жа час, паводле яго слоў, ЗША ня лічаць, што сяброўства Ўкраіны ў NATO «зьяўляецца рэалістычным вынікам будучага ўрэгуляваньня шляхам перамоў».
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ на пытаньне журналістаў, ці не аслабілі ЗША пазыцыю Ўкраіны на перамовах, публічна заявіўшы, што сяброўства Ўкраіны ў NATO і вяртаньне тэрыторыяў у будучым мірным пагадненьні нерэальныя, запэўніў, што ЗША, як і Эўразьвяз, хочуць трывалага міру ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі таксама адрэагаваў на заяву Гэгсэта адносна сяброўства Украіны ў NATO. Ён паўтарыў сваю раней выказаную пазыцыю, што ўступленьне Ўкраіны ў NATO — сапраўды гарантыя бясьпекі, і «гэта самы танны варыянт для ўсіх», але ЗША, Нямеччына і Вугоршчына пакуль ня хочуць бачыць Украіну ў Альянсе.
Форум