Паводле зьвестак расейскага выданьня «Вёрстка», ахвярамі сталі ўжо больш за 750 грамадзян — мінімум 378 чалавек загінулі і яшчэ 376 атрымалі небясьпечныя для жыцьця траўмы.
«Гэтыя лічбы павялічваюцца, у асноўным, за рахунак сваякоў і блізкіх вайскоўцаў: большасьць злачынстваў маюць бытавы характар і адбываюцца пасьля ўжываньня алькаголю. Пры гэтым, колішнія зьняволеныя [...] усё таксама забіваюць часьцей, чым іншыя вайскоўцы, і атрымліваюць больш сур’ёзныя пакараньні, у тым ліку пажыцьцёвыя тэрміны», — адзначаецца ў публікацыі выданьня.
Ахвярамі злачынстваў сталі жыхары 80 рэгіёнаў Расеі, анэксаванага Крыму і непрызнанай Паўднёвай Асэтыі.
Паводле выданьня, якое абапіраецца на зьвесткі зь іншых СМІ і з судовых рэестраў, «вэтэраны» учынілі як мінімум 334 «сьмяротныя» злачынствы:
- 166 забойстваў (артыкул 105 Крымінальнага кодэксу Расеі), у выніку якіх загінулі 196 чалавек;
- 112 выпадкаў нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў (артыкул 111(, у выніку якіх памерлі 112 чалавек;
- 43 парушэньні правілаў дарожнага руху (артыкул 264), у выніку якіх загінулі 55 чалавек;
- 10 выпадкаў сьмерці па неасьцярожнасьці (артыкул 109), ахвярамі якіх сталі 12 чалавек;
- 2 выпадкі схіленьня да ўжываньня алькаголю (артыкул 230), у выніку чаго памерлі два няпоўналетнія;
- 1 забойства з перавышэньнем межаў неабходнай абароны (артыкул 108).
Усе пералічаныя злачынствы ўчынілі 676 вайскоўцаў, зь якіх 392 былі памілаваныя прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным або ўмоўна вызваленыя для ўдзелу ў вайне.
Улічваючы, што шмат такіх злачынстваў не абвяшчаюцца або ігнаруюцца праваахоўнікамі, а расейскія суды публікуюць ня ўсе пастановы і працягваюць прыхоўваць удзел абвінавачаных у вайне або факт памілаваньня, каб «не псаваць статыстыку», — іх рэальная колькасьць можа быць нашмат большай. Апроч таго, паводле зьвестак выданьня, суды таксама максымальна зьмякчаюць пакараньне ўдзельнікам вайны, прызначаючы ім умоўныя тэрміны.
Практыку падпісаньня кантрактаў у войска на вайну з зьняволенымі пачаў уладальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, які асабіста езьдзіў па турмах у эўрапейскай частцы Расеі і вэрбаваў зьняволеных. Пасьля яго гібелі практыку прадоўжыла Міністэрства абароны Расеі.
Форум