Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падоўжыў на год дзеяньне санкцыяў супраць Расеі, уведзеных з 6 сакавіка 2014 году па 21 лютага 2022 году. Пра гэта паведамляецца ў матэрыялах Фэдэральнага рэестру ЗША.
У дакумэнце ўказаны санкцыі, прынятыя ў адказ на дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны і анэксію Крыму, а таксама пасьля заявы Ўладзіміра Пуціна аб прызнаньні незалежнасьці так званых «ДНР» і «ЛНР» 21 лютага 2022 году.
«Дзеяньні і палітыка, выкладзеныя ў гэтых выканаўчых указах, працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі ЗША», — гаворыцца ў дакумэнце. У ім адзначаецца, што санкцыі мусяць дзейнічаць і пасьля 6 сакавіка 2025 году.
- ЗША, Эўразьвяз, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краін увялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць Расеі пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Паводле кіраўніцы Эўракамісіі Ўрсулі фон дэр Ляен, заходнія краіны заблякавалі 300 мільярдаў эўра рэзэрваў Цэнтрабанка Расеі і 19 млрд эўра прыватных сродкаў расейскіх алігархаў.
- Эўрапарлямэнт выдзеліў Украіне крэдыт у 35 мільярдаў эўра пад заклад будучых даходаў ад замарожаных актываў Расеі. Кіраўніца Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсола заявіла, што гэта «магутны сыгнал» пра тое, што Расея, будучы агрэсарам, павінна заплаціць за шкоду, нанесеную Ўкраіне. У сьнежні 2024 году Міністэрства фінансаў ЗША аб’явіла аб выдзяленьні Ўкраіне крэдыту ў памеры 20 мільярдаў даляраў, які, як меркавалася, будзе пагашаны за кошт даходаў, атрыманых ад замарожаных расейскіх актываў.
- На сустрэчы ў Саудаўскай Арабіі расейская дэлегацыя прасіла прадстаўнікоў ЗША разгледзець разблякаваньне замарожаных расейскіх актываў за мяжой і аслабленьне санкцыяў.
- Напярэдадні былы прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што ЗША будуць гатовыя адмяніць санкцыі супраць Расеі толькі пасьля завяршэньня вайны.
Форум