На Product Hunt выходзіць новы стартап беларусаў, бэта-вэрсія мэдычнай плятформы Doctorina AI, які працуе на аснове Open AI. Інвэстар і натхняльнік праекту — Юры Мельнічак, сярод сузаснавальнікаў і чальцоў каманды — былая дырэктарка пацыенцкай супольнасьці Дар'я Царык, лекарка-пэдыятарка Ганна Платніцкая, экспэрт у сфэры фінансаў Аляксандар Сялецкі і яшчэ 9 чалавек. Сузаснавальніца Дар’я Царык расказала Dev.by, навошта і як каманда робіць Doctorin’у.
Ідэя праекту ў тым, каб зрабіць мэдычныя кансультацыі даступнымі кожнаму, стварыць паўнавартасную онлайн-клініку бязь лекараў-«чалавекаў», тлумачаць аўтары праекту.
На пытаньне, чым адрозьніваецца іх AI-лекар ад ChatGPT (чат-бот з генэратыўным штучным інтэлектам, распрацаваны кампаніяй OpenAI), аўтары адказваюць: ChatGPT ня створаны для мэдычных кансультацыяў, ён не вядзе дыялёг так, каб на падставе некалькіх сымптомаў давесьці чалавека да лягічнага заключэньня, не задае ўдакладняльных пытаньняў, не правярае гіпотэзы, не карэктуе кірунак кансультацыі.
Паводле Дар'і Царык, калі яны пачалі распрацоўваць Doctorina.com на базе OpenAI, яны сутыкнуліся з тым, што ChatGPT аказаўся недастаткова надзейны. Тады аўтары праекту распрацавалі сыстэму ацэнкі якасьці і ітэратыўна паляпшалі сваю мадэль, «пакуль яна не пачала стабільна пераўзыходзіць лекараў».
«Нашы лекары (яны адмыслоўцы ў вобласьці гінэкалёгіі, анкалёгіі, пэдыятрыі) разам з інжынэрамі на аснове тысяч пракрутак кейсаў дамагаюцца таго, каб сыстэма апрацоўвала кожны выпадак ідэальна — гэта значыць, вызначала тэставы дыягназ і давала пратакольную рэкамэндацыю. Асноўная задача — кантраляваць якасьць збору дадзеных, іх аналіз і наступную выдачу рэкамэндацыяў. Мы дасягнулі таго, што мультыагентная эвал-сыстэма імітуе мэдычны дыялёг. Сыстэма ацэньвае зададзеныя пытаньні, пастаўленыя дыягназы, прызначэньні. А лекары ацэньваюць і кантралююць правільнасьць ацэнкі», — кажа Дар'я Царык.
Па словах Царык, Doctorina можа чытаць аналізы і рэцэпты, пры гэтым апрацоўвае любыя віды лябараторных тэстаў (нават рукапісныя) у .pdf, .jpg, .jpeg, .png — пакуль толькі адну старонку.
«Цяпер наша асноўная задача — глыбокая дэталізацыя рэкамэндацыяў і дапрацоўка ключавых функцыяў, якія дазволяць ператварыць Doctorina.com у паўнавартасны AI-тэлемэдычны сэрвіс. Мы працуем над тым, каб плятформа ня проста аналізавала сымптомы, але і забясьпечвала якасныя мэдычныя рэкамэндацыі, інтэгравала неабходныя сэрвісы і станавілася зручнай прыладай для карыстальнікаў», — адзначаюць аўтары.
Дарʼя Царык падкрэсьлівае, што яе каманда ў будучыні плянуе атрымліваць ліцэнзіі і сэртыфікаты, каб стаць паўнавартаснай AI-клінікай.
Doctorin’у на закрытым рэлізе пратэставалі ўжо 1300 чалавек. Далучыцца да тэстараў можна тут і тут.
Форум