У навуковым аддзеле Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» паведамілі аб выяўленьні ў запаведнай зоне ядомага грыба, якога раней не знаходзілі ў Беларусі.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага парку, грыб знайшлі ў жніўні 2024 году і перадалі на вывучэньне ў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі НАН Беларусі.
Па выніках дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што грыб называецца «мэрыпілюс гіганцкі» (Meripilus giganteus).
Грыб зьяўляецца ядомым і расьце на ствалах ці пнях шмат якіх ліставых дрэў, але найчасьцей на дубе. У Эўропе сустракаецца на ствалах бука і рэдка — на хвойных. Апроч таго, грыб можа расьці на заглыбленай у глебу драўніне, і ў гэтым выпадку мае шматлікія шапачкі, якія ўнізе трымаюцца на адной агульнай ножцы.
Паводле навукоўцаў, вага аднаго грыба можа дасягаць 25-30 кіляграмаў. Паверхня Meripilus giganteus пры пашкоджаньні хутка афарбоўваецца ў цёмна-карычневы або чорны колер, таму некаторыя называюць гэты грыб губой чорнафарбаванай.
Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што есьці можна толькі маладыя грыбы, бо ў іх мяккая і далікатная мякаць, аднак вядома, што ў некаторых людзей яны выклікаюць расстройства страўніка.
Форум