Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжанкоў сустрэўся з прадстаўніком Ватыкану на фоне рэпрэсій супраць каталіцкіх сьвятароў у Беларусі


Максім Рыжанкоў правёў сустрэчу з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам
Максім Рыжанкоў правёў сустрэчу з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам

Перамовы з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, які адказвае за стасункі Сьвятога Пасаду зь дзяржавамі, правёў 25 лютага ў Жэнэве (Швайцарыя) міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага замежнапалітычнага ведамства, размова тычылася «пытаньняў двухбаковай супрацы, якія маюць узаемны інтарэс».

Беларуская дэлегацыя на чале з Максімам Рыжанковым 24–26 лютага 2025 года наведвае Жэнэву для ўдзелу ў «сэгмэнтах высокага ўзроўню» 58-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) і Канфэрэнцыі аб раззбраеньні. Пол Рычард Галахер прадстаўляў там Сьвяты Пасад.

У верасьні 2020 году Галахер прыяжджаў у Беларусь вырашаць сытуацыю з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам (на той момант старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі і мітрапаліт Менска-Магілёўскі), якому рэжым Аляксандра Лукашэнкі — на фоне заяў ярарха пра грамадзка-палітычны крызіс у краіне — не даваў вярнуцца на радзіму.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году стасункі дзяржавы і Касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія ярархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія надышлі ўсьлед за масавымі пратэстамі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 году да канца восені 2024-га, паводле ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Новыя факты перасьледу сьвятароў, у тым ліку каталіцкіх, зьяўляюцца дагэтуль.

Беларускія ўлады фактычна пазбавілі менскіх вернікаў Чырвонага касьцёла, дзе адбыўся невялікі пажар.

Разам з тым улады ў Менску ўсяляк хочуць прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з Касьцёлам у Беларусі, так і з сусьветным каталіцызмам у цэлым.

На сустрэчы зь беларускімі рэлігійнымі лідэрамі сёлета 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы Рымскага Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку «самыя добрыя пажаданьні» і выказаў надзею на сустрэчу зь ім.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам Рымскім Бэнэдыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.

17 сьнежня 2024 году Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годзьдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Сьвятога Пасаду ня можа прыехаць празь негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія ці рэлігія, бяз згоды адпаведнага рэлігійнага лідэра. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Расейскай праваслаўнай царквы згоды на візыт не даваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG