У Гомельскай вобласьці да гэтага часу не ліквідавалі наступствы ўрагану, які абрынуўся на Беларусь у ліпені 2024 году, вынікае з паведамленьня прэс-службы Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі. Гэты рэгіён найбольш пацярпеў ад стыхіі.
Адзначаецца, што ўборка драўніны завершана ва ўсіх астатніх абласьцях.
Уборка паваленых ветрам дрэваў працягваецца ў Васілевіцкім, Жлобінскім і Мазырскім лясгасах, гаворыцца ў прэс-рэлізе. Таксама адзначаецца, што былі выяўленыя бураломы, якія ўтварыліся ў ліпені 2024 году, але не былі ўключаны ў апэратыўныя справаздачы.
Вы ўсіх астатніх рэгіёнах Беларусі прыбіраньне паваленых ветрам дрэваў завяршылі.
- 13-14 ліпеня 2024 году пасьля экстрэмальнай сьпёкі на Беларусь абрынуліся ўраганы. Гэта прывяло да маштабных пашкоджаньняў сыстэм электраперадачы, парушэньня водазабесьпячэньня і іншых разбурэньняў. Найбольш пацярпела Гомельская вобласьць, у рэгіёне нават уводзілі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Тады безь сьвятла, вады і сувязі, сярод іншага, апынуліся жыхары 100-тысячнага Мазыра.
- Паводле МНС, 13–14 ліпеня ад стыхіі ў Беларусі пацярпелі больш за 2,7 тысячы населеных пунктаў, зь іх 2272 — у Гомельскай вобласьці. 338 населеных пунктаў у Беларусі засталіся без вады. У 17 раёнах адключалася сотавая і тэлефонная сувязь. Былі пашкоджаныя дахі ў 6200 жылых дамах, зь іх 3883 адноўленыя.
- У выніку стыхіі загінулі 7 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, траўмы атрымалі 75 чалавек.
- Аляксандар Лукашэнка спачатку патрабаваў яшчэ да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры.
- 23 ліпеня Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ліквідацыі наступстваў ўрагану грамадзян, у тым ліку палітвязьняў. Ён таксама падпісаў распараджэньне аб ліквідацыі наступстваў непагадзі, згодна зь якім да 1 жніўня павінны былі падключыць да электразабесьпячэньня ўсе абясточаныя дамы, да 22 жніўня — падключыць да штатных ліній электраперадач населеныя пункты, дзе пакуль працуюць дызэль-генэратарныя ўстаноўкі, да 31 сьнежня — прааналізаваць стан электрычных сетак і падрыхтаваць прапановы аб павышэньні надзейнасьці электразабесьпячэньня.
- Амаль 500 асуджаных адправілі на ўборку наступстваў урагану на Гомельшчыне, паведаміў 25 ліпеня начальнік УУС вобласьці Аляксандар Шастайла.
- 17 верасьня МНС Беларусі паведаміла, што аднавілі 8 032 з 8045 жылых дамоў, пашкоджаных ураганам, і 2503 з 2519 сельскагаспадарчых будынкаў. На тую дату адрамантавалі ўсе 538 пацярпелых аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і побытавага прызначэньня, 17 вытворчых будынкаў і 258 гаспадарчых пабудоваў.
Форум