На цяперашні момант у кампаніях ПВТ працуе агулам 56 тысяч спэцыялістаў. Яшчэ ўвесну 2022 году іх было больш за 78 тысяч, паведамляе выданьне Dev.by з спасылкай на свае зьвесткі.
У асобных кампаніях адток супрацоўнікаў прыкладна супастаўны (у працэнтах) з адтокам спэцыялістаў з ПВТ у апошнія 4 гады. Напрыклад, з 400 распрацоўнікаў кампаніі Qulix Systems за мяжу зьехалі каля 25%.
Між тым намесьнік дырэктара ПВТ Кірыл Залескі сьцьвярджае, што год таму адток спэцыялістаў з ПВТ прыпыніўся. Гэта ўскосна пацьвярджаюць і зьвесткі Белстату. У 2024 годзе ІТ-кампаніі ўпершыню за тры гады нанялі больш спэцыялістаў, чым звольнілі, адзначае Dev.by.
Пры гэтым Парку высокіх тэхналёгіяў, паводле Залескага, удалося перафарматаваць геаграфію экспарту ІТ-паслуг. Калі раней на заходнія краіны прыпадала 85–90% экспарту ПВТ, дык цяпер каля 60%. Доля краін СНД вырасла да 29–30 працэнтаў, доля азіяцкіх краін — да 10 працэнтаў. Паводле Залескага, «бізнэс падладжваецца і шукае новыя магчымасьці ў іншых рэгіёнах, дзе працаваць у партнэрстве зь Беларусьсю не зьяўляецца праблемай».
У матэрыяле не прыводзяцца паказчыкі экспарту ПВТ за 2024 год. На сайце Парку апошнія зьвесткі па зьнешнім гандлі тычацца 2023 году. Тады гадавы экспарт склаў 1,8 млрд даляраў — на 33% менш, чым у 2022 годзе.
- З 2020 году многія буйныя ІТ-кампаніі пакінулі Беларусь, які і многія іх супрацоўнікі. Рэжым Лукашэнкі працягвае перасьледаваць айцішнікаў з палітычных матываў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2020 году паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў у Беларусі асудзілі сама меней 79 ІТ-спэцыялістаў, 27 зь іх і цяпер у зьняволеньні.
- Паводле падлікаў «Кібэрпартызанаў», з 2021 па 2024 год больш за 18,5 тысячы чалавек перасталі працаваць у кампаніях беларускага ПВТ, а больш за 15 тысяч IT-спэцыялістаў наогул пакінулі IT-рынак Беларусі. Паводле «Кібэрпартызанаў», на студзень 2021 году ў Беларусі агулам працавалі 93 581 IT-спэцыялістаў (зь іх 72,1 тысячы ў ПВТ), а на студзень 2024 году іх засталося 78 273 чалавек (53,6 тысячы ў ПВТ).
- Белстат з 2023 году не публікуе колькасьць ІТ-спэцыялістаў у Беларусі. У лістападзе 2022 году Белстат налічыў больш за 65 тысяч занятых у ІТ і сувязі, праз год — больш за 57 тысяч, і гэта мінімум за апошнія тры гады статыстычных зьвестак.
Форум