Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксяндза Мальца зь Ліды затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія рэсурсы»


Ксёндз Зьміцер Малец служыць імшу.
Ксёндз Зьміцер Малец служыць імшу.

Вікарый каталіцкай парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Лідзе Зьміцер Малец затрыманы за падпіску на рэсурсы, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», паведамляе ініцыятыва «Хрысьціянская візія».

Адзначаецца, што 24 лютага сьвятара будуць судзіць па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць).

У раскладзе суду Лідзкага раёну на партале электроннага судаводзтва інфармацыі пра гэтую справу няма.

Раней Малец служыў у Наваградку (Горадзенская вобласьць). У 2023 годзе яго плянавалі прызваць на тэрміновую вайсковую службу, у касьцёле з гэтай нагоды адбылася разьвітальная імша. Аднак рашэньне аб прызыве было адмененае.

У апошнія гады ўлады масава прызнаюць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» любую крытыку на свой адрас.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і Каталіцкай царквы ў Беларусі ўскладніліся, бо многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія разгарнуліся ўсьлед за масавымі пратэстамі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

Паводле зьвестак «Хрысьціянскай візіі», з 1 верасьня 2020 году да 30 лістапада 2024-га з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя хрысьціянскія служкі былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў межах палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасьцю палітвязьнямі.

30 сьнежня 2024 году Менскі абласны суд прыгаварыў да 11 гадоў пазбаўленьня волі па арт. 356 КК (здрада дзяржаве) 64-гадовага каталіцкага сьвятара, пробашча касьцёла ў Валожыне Генрыха Акалатовіча.

Канфэрэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзначальвае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў адносінах з уладамі паводзіць сябе ў пэўнай ступені стрымана. Рэжым Лукашэнкі, у сваю чаргу, актыўна прыцягвае герарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю адносін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG