На бераг вострава Тасманія ў Акіяніі выкінуўся касяк з 157 малых касатак. Дзевяноста зь іх застрэляць, бо выратаваць іх не атрымаецца, інфармуе ABC News.
Касяк выкінуўся на адзін з самых цяжкадасяжных берагоў на паўночным захадзе Тасманіі. Становішча ўскладнілі ўмовы надвор’я. Ратавальнікі спрабавалі адцягнуць дзьвюх асобін у мора, але касатак зноў выкідала на пясчаны пляж.
На відэа жывёлы, сярод якіх ёсьць дзіцяняты, задыхаюцца каля вады.
Пасьля парадаў, атрыманых ад вэтэрынараў, яшчэ жывых касатак улады вырашылі застрэліць. Уратаваць іх жыцьцё ўжо немагчыма. Жывёлы знаходзяцца на сушы каля двух дзён. Тушы, падобна, пакінуць на беразе.
Чаму касаткі выкінуліся на пляж, невядома. Навукоўцы часта гавораць пра кіраўніка касяка, які або захварэў, або страціў арыентацыю. У такіх выпадках вядоўца можа завесьці супляменьнікаў у неспрыяльныя ўмовы, выбрацца зь якіх ужо складана, а то і немагчыма. Цяперашні выпадак стаў першым на Тасманіі за апошнія 50 гадоў.
Форум