Калекцыя гадзіньнікаў Star Chronicle беларускай гадзіньнікавай мануфактуры Hvilina атрымала прэстыжную прэмію German Design Awards 2025 у катэгорыі «прадметы раскошы».
Калекцыя HVILINA Star Chronicle натхнёная старажытнымі мітамі і легендамі Беларусі пра Месяц і Сонца, уяўленьнем нашых продкаў аб нябеснай мэханіцы, гаворыцца на сайце брэнду. У дызайне выкарыстаныя элемэнты герба Францыска Скарыны, а задняе вечка гадзіньніка ўпрыгожанае выявай батлейкі.
Марка HVILINA («Хвіліна») створаная ў 2014 годзе. Першапачаткова кампанія спэцыялізавалася на стварэньні наручных гадзіньнікаў па індывідуальным дызайне. За 10 гадоў існаваньня кампаніі ўдалося стварыць мануфактурную вытворчасьць і распрацаваць і ўвасобіць больш за 600 розных мадыфікацый і варыянтаў дызайну гадзіньнікаў.
Штогадовая прэмія German Design Award — адна самых прэстыжных узнагародаў у галіне дызайну. Яна прысуджаецца наватарскім праектам, якія адпавядаюць стандартам устойлівага спажываньня і экалягічна чыстай вытворчасьці. Штогод у рамках яе адбіраюць выбітныя працы ў галіне дызайну прадукцыі, дызайну камунікацый і архітэктуры.
Гэта ўжо ня першая прэстыжная ўзнагарода, якую атрымліваюць гадзіньнікі брэнду Hvilina. Сярод іншага:
- Калекцыя гадзіньнікаў STAR CHRONICLE раней ужо была адзначаная залатой узнагародай на міжнародным конкурсе дызайну MUSE Design Awards 2024 Season 2 у ЗША.
- У 2024 годзе Hvilina атрымала ўзнагароду міжнароднай прэміі IF Design Awards 2024 за дызайн калекцыі наручных гадзіньнікаў Universum Mechanical. У 2023 годзе гэта ж калекцыя гадзіньнікаў атрымала прэмію Good Design® Awards 2023 ад Чыкагскага музэя архітэктуры і дызайну Chicago Athenaeum і срэбную ўзнагароду на конкурсе дызайну NY Product Design Awards 2023 у Нью-Ёрку.
- Калекцыя Twelve Minutes летась атрымала залатую ўзнагароду ў катэгорыі Fashion Design — Watches на конкурсе дызайну MUSE Design Awards 2024 у ЗША.
- Калекцыя L&MR Mechanical ў 2024 годзе атрымала срэбную ўзнагароду на прэстыжным конкурсе дызайну NY Product Design Awards 2024 у Нью-Ёрку, а ў 2023 годзе — узнагароду German Design Award і залатую ўзнагароду MUSE Design Awards 2023 у ЗША.
Форум