Суд у Казані прысудзіў 5 гадоў калёніі мясцоваму прадпрымальніку Руслану Баязітаву паводле артыкулу аб распальваньні нянавісьці й варожасьці. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стала яго рэзкае выказваньне аб прыхільнікам вайны ва Ўкраіне, зробленае ў прыватнай размове, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Улетку 2023 году Руслан Баязітаў заявіў на відэа, што гатовы расправіцца з тымі, хто падтрымлівае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Ролік разышоўся ў Фэйсбуку і Тэлеграме, яго перапублікавалі праўладна настроеныя каналы. Тады Баязітаў атрымаў два тыдні арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу аб прапагандзе нацызму і штраф за «дыскрэдытацыю арміі». Аднак пасьля выхаду з спэцпрыёмніку яго зноў арыштавалі і завялі крымінальную справу.
Абарона Баязітава згадвала, што ён не публікаваў сваіх выказваньняў у інтэрнэце і ня ведае, хто зрабіў і выклаў у сацыяльных сетках запіс.
Баязітаў у судзе растлумачыў, што ня меў намеру рабіць свае выказваньні здабыткам грамадзкасьці. Паводле яго, усё сказанае ім на відэа запісана ў прыватнай размове безь ягонай згоды, ён не даваў дазволу на публікацыю відэа. Ён таксама сказаў, што быў у стане алькагольнага ап’яненьня, і ня змог патлумачыць, хто менавіта здымаў яго і пасьля апублікаваў гэтае відэа.
Паводле зьвестак RusNews, справы супраць Баязітава завялі на патрабаваньне кіраўніка «Лігі бясьпечнага інтэрнэту» Кацярыны Мізулінай, а запісала і «зьліла» відэа нейкая прыхільніца «СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» расейскія ўлады называюць поўнамаштабную вайну Расеі ва Ўкраіне) Юлія.
У студзені 2021 году Баязітава ўжо затрымлівалі на мітынгу прыхільнікаў Аляксея Навальнага ў Казані, суд яго аштрафаваў.
Форум