У артыкуле ад 16 лютага ў Daily Telegraph, Кір Стармэр напісаў, што гэтае рашэньне не далося яму «лёгка», але ён мяркуе, што такая місія можа дапамагчы гарантаваць бясьпеку Брытаніі і ўсяму эўрапейскаму кантынгенту.
Камэнтары Стармэра — яго першыя публічныя заявы аб накіраваньні міратворцаў ва Ўкраіну — зьявіліся перад сустрэчай эўрапейскіх лідэраў у Парыжы 17 лютага, каб абмеркаваць вайну, і ў той час, калі павялічваюцца асьцярогі, што Вашынгтон можа падпісаць дамову з Расеяй, якая супярэчыць інтарэсам эўрапейскай бясьпекі.
«Вялікая Брытанія гатова адыграць вядучую ролю ў паскарэньні працы дзеля гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Гэта ўключае далейшую падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў, на якую Брытанія ўжо выдзяляе 3 мільярды фунтаў стэрлінгаў на год прынамсі да 2030 году», — напісаў ён.
«Але гэта таксама азначае гатоўнасьць жаданьне зрабіць унёсак у забесьпячэньне гарантый бясьпекі Ўкраіне шляхам разьмяшчэньня нашых уласных войскаў на месцах, калі гэта неабходна. Я не кажу гэта лёгка. Я вельмі глыбока адчуваю адказнасьць, зьвязаную з патэнцыйнай пагрозай для брытанскіх вайскоўцаў», — дадаў Стармэр.
У той жа час ён адзначыў, што любая роля ў садзейнічаньні гарантыям бясьпекі Ўкраіны дапамагае гарантаваць бясьпеку Эўропе і Брытаніі.
«Канец гэтай вайны, калі ён будзе, ня можа проста стаць часовай паўзай перад тым, як [прэзыдэнт Расеі Ўладзімір] Пуцін зноў будзе атакаваць», — падкрэсьліў брытанскі прэм’ер.
The Telegraph паведамляў, што Вялікая Брытанія і Францыя абмяркоўвалі накіраваньне міратворцаў ва Ўкраіну для выкананьня магчымай мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй, хоць гэтая ідэя не зьяўляецца агульнапрынятай у Эўрапейскім Зьвязе.
Згодна з паведамленьнем, афіцыйны прадстаўнік, знаёмы з думкай Стармэра, заявіў, што ягонае рашэньне абнародаваць свае намеры напярэдадні Парыскага саміту было часткова зьвязанае з заўвагамі прадстаўнікоў ЗША на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, у якіх гаварылася, што Эўропе давядзецца адыграваць большую ролю ва ўласнай абароне.
Стармэр далучыцца да лідэраў Францыі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Гішпаніі, Нідэрляндаў, Даніі, Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай рады і NATO у Парыжы.
«Наступныя вырашальныя дні будуць вызначаць будучую бясьпеку нашага кантынэнту. Як я скажу ў Парыжы, мір прыходзіць дзякуючы сіле. Але праўда і ў адваротным. Слабасьць вядзе да вайны. Гэта момант для ўсіх нас, каб актывізавацца, — і Злучанае Каралеўства зробіць гэта, таму што гэта правільна для каштоўнасьцяў і свабод, якія для нас важныя, і таму, што гэта зьяўляецца фундамэнтальным для нашай уласнай нацыянальнай бясьпекі», — напісаў прэм’ер Вялікай Брытаніі ў сваім артыкуле.
Плянуецца, што Стармэр перадасьць прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу вынікі парыскіх дыскусій на сустрэчы, якая, імаверна, адбудзецца ў Вашынгтоне пазьней у лютым.
Трамп адпраўляе групу высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША ў Саўдаўскую Арабію для абмеркаваньня вайны з расейскімі афіцыйнымі асобамі, хоць усе дэталі і час гэтых перамоў не абвяшчаюцца. Ва Ўкраіне паведамілі, што яе прадстаўнікоў на гэтую сустрэчу не запрашалі.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё 16 лютага спрабаваў заспакоіць Украіну і Эўропу, і паабяцаў, што іх прадстаўнікі будуць удзельнічаць у любых «рэальных перамовах» аб спыненьні вайны.
Форум