Грамадзянін ЗША Калаб Баерс, якога 7 лютага затрымалі ў маскоўскім аэрапорце «Ўнукава» за знойдзены ў багажы мармэлядз канабісам, адпусьцілі зь СІЗА. Пра гэта паведамілі ў фэйсбуку ягоныя бацькі Тоня і Джымі Шулер, заўважыла «Настоящее время».
Паводле іх, Баерс ужо знаходзіцца ў пасольстве ЗША і чакае рэйсу дадому — яны ўжо размаўлялі зь ім па тэлефоне.
З допісу бацькоў вынікае, што Баерс есьць жавальныя цукеркі зь вітамінам C, мэлятанінам і канабідыёлам, каб справіцца з сутаргамі і прыступамі эпілепсіі. Яны занепакоеныя станам ягонага здароўя і ня ўпэўненыя, што ён добра перанясе доўгі пералёт, бо ўжо тыдзень не прымаў прызначаных яму лекаў.
28-гадовага Калаба Баерса затрымалі разам зь ягонай нявестай, расейскай грамадзянкай Найдай Мамбетавай. Супраць іх распачалі крымінальную справу аб кантрабандзе наркатычных сродкаў у значным памеры. Санкцыя артыкулу прадугледжвае турэмнае зьняволеньне ад 5 да 10 гадоў.
Сонцаўскі суд Масквы адправіў Мамбетаву пад арышт 8 лютага, а Баерса — 10 лютага. Ці адпусьцілі Мамбетаву разам з жаніхом, невядома. Бацькі амэрыканца нічога пра гэта не паведамілі, а зь іншых крыніц інфармацыі пакуль няма.
Форум