Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ААН апублікавалі даклад аб катаваньнях у Беларусі, прызналі некаторыя зь іх злачынствамі супраць чалавечнасьці


Катаваньні на Акрэсьціна. Здымкі belsat.eu
Катаваньні на Акрэсьціна. Здымкі belsat.eu

У дакладзе, які група экспэртаў у пытаньнях Беларусі падае Радзе правоў чалавека ААН упершыню з моманту свайго стварэньня ў красавіку 2024 году, паведамляецца, што «парушэньні адбываліся ў кантэксьце шырэйшых намаганьняў, накіраваных на захаваньне ўлады Аляксандра Лукашэнкі».

Урад Беларусі зьдзейсьніў «шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва, гэта частка жорсткіх захадаў дзеля здушэньня ўсякай апазыцыі праўленьню Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў дакладзе.

Некаторыя з гэтых парушэньняў прыроўніваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці, заявіла група незалежных экспэртаў ААН у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі.

Сярод «найбольш абуральных зафіксаваных парушэньняў» аўтары дакладу адзначылі «адвольныя арышты і затрыманьні з палітычных матываў, што стала неад’емнаю часткаю тактыкі ўладаў Беларусі».

У дакумэнце таксама адзначаецца, што мужчыны і жанчыны, якіх трымаюць пад вартай, «рэгулярна зазнавалі катаваньні і жорсткае абыходжаньне, уключаючы пабіцьцё, электрашок і пагрозы згвалтаваньня не толькі зьняволеных, але і іхных партнэраў».

«Супрацоўнікі праваахоўных органаў праяўлялі відавочную жорсткасьць у дачыненьні да ЛГБТІК+, ужываючы фізычны гвалт і выказваньні, якія прыніжаюць чалавечую годнасьць», — адзначаецца ў дакумэнце.

Аўтары дакладу маюць «разумныя падставы меркаваць», што некаторыя зафіксаваныя ў Беларусі парушэньні «прыроўніваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці ў форме зьняволеньня ў турму і перасьледу з палітычных матываў».

«Асобы, якіх зьмяшчаюць у папраўчыя калёніі, зазнавалі асаблівае дыскрымінацыйнае абыходжаньне, скіраванае на іх пакараньне, што ў цэлым мае на мэце ўціск палітычнага супраціву. Многія зь іх былі арыштаваныя неаднаразова, у тым ліку адразу пасьля першага вызваленьня», — адзначаецца ў прэс-рэлізе, апублікаваным 14 лютага на сайце Рады правоў чалавека ААН.

«У 2024 годзе ўрад прыняў меры, накіраваныя на ліквідацыю большасьці патэнцыйных крыніц іншадумства і апазыцыі. Праваахоўныя органы маюць удасканаленыя сродкі лічбавага назіраньня, якія яны выкарыстоўваюць для маніторынгу актыўнасьці грамадзян у інтэрнэце, што часта прыводзіць да судовага перасьледу. Акрамя таго, у 2024 годзе было зьліквідавана ня менш за 228 арганізацый грамадзянскай супольнасьці», — адзначылі экспэрты.

У выніку «сотні тысяч грамадзян пакінулі Беларусь з 2020 году, у тым ліку юрысты, актывісты, сябры арганізацый грамадзянскай супольнасьці і журналісты», гаворыцца ў дакладзе.

«Нягледзячы на вымушанае выгнаньне, многіх зь іх прыцягваюць да адказнасьці і асуджаюць паводле Крымінальнага кодэксу за дыскрэдытацыю Беларусі і змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады», — адзначана ў публікацыі.

Група экспэртаў падсумавала: «выяўленьне і судовы перасьлед асобаў, вінаватых у парушэньнях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасьці, ёсьць ключавым фактарам для спыненьня атмасфэры беспакаранасьці і неадʼемнаю часткаю правасудзьдзя для ахвяраў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG