Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што хоча абмеркаваць з Трампам пытаньне Беларусі

абноўлена

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Украінскі прэзыдэнт не ўдакладніў ніякіх дэталяў, але згадаў Беларусь у той момант, калі расказваў аб тым, што Расея працягвае кантакты з КНДР і запрошвае ў яе новы вайсковы кантынгент.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам хацеў бы абмеркаваць пытаньне Беларусі.

«Мы хочам абмеркаваць з Трампам тое, што расейцы хочуць зрабіць зь Беларусьсю. Мы гэта дакладна ўсьведамляем», — сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам 14 лютага ў Мюнхэне (Нямеччына), куды ён прыехаў для ўдзелу ў Канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі.

Паводле яго, Расея рыхтуе 15 дывізій для трэніраваньня і ўзмацненьня на беларускім кірунку, што можа сьведчыць аб тым, што Ўладзімір Пуцін можа рыхтавацца да вайны з краінамі NATO у наступным годзе.

Украінскі прэзыдэнт таксама дадаў, што Расея працягвае кантакты з КНДР і запрошвае ў яе новы вайсковы кантынгент, прыкладна 2 тысячы вайскоўцаў, а таксама працягвае атрымліваць ракеты і зброю.

«Прэзыдэнт Трамп павінен ведаць, што яны працягваюць кантакты, гэта канкрэтнае ўцягваньне другой краіны ў вайну», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што лічыць магчымай сустрэчу з прадстаўнікамі Расеі толькі пасьля таго, як будзе распрацаваны пагоджаны з ЗША, ЭЗ і Ўкраіна плян спыненьня вайны. «Такога пляну пакуль няма», — дадаў ён.

Раней агенцтва Reuters паведаміла, што ўвечары 14 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.

Канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі праходзіць у Мюнхэне з 14 да 16 лютага. Чакаюць, што ў ёй возьмуць удзел каля 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, 150 міністраў з усяго сьвету, а таксама кіраўнікі вядучых міжнародных арганізацый. У канфэрэнцыі ўдзельнічае беларуская дэлегацыя на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG