Пра набор на новую спэцыяльнасьць у БДТУ піша «Настаўніцкая газета».
Як расказаў прарэктар ВНУ ў навуковай рабоце Вячаслаў Флейшэр, для паступленьня на спэцыяльнасьць абітурыенту трэба будзе здаваць ЦЭ/ЦТ у матэматыцы, фізыцы і беларускай або расейскай мове. Пры гэтым набіраць студэнтаў будуць толькі на бюджэтную форму.
Новая для Беларусі спэцыяльнасьць будзе ўключаць у сябе два профілі: «тэхналёгію порахаў, цьвёрдых ракетных паліваў і вырабаў» і «тэхналёгію выбуховых рэчываў і вырабаў».
Рыхтаваць адмыслоўцаў будуць выкладчыкі БДТУ і прадстаўнікі профільных прадпрыемстваў. Таксама ва ўнівэрсытэце разглядаюць магчымасьць удзелу прадстаўнікоў расейскіх ВНУ, у якіх ёсьць такі кірунак.
Тэрмін навучаньня — 5 гадоў. Выпускнікі атрымаюць ступень магістра і кваліфікацыю «інжынэр, хімік-тэхнолёг». Прадугледжваецца, што яны будуць працаваць на прадпрыемствах вайсковай прамысловасьці і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Летась у Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце адкрывалі навучаньне спэцыялістаў у праектаваньні бесьпілётнікаў. Для паступленьня на такую спэцыяльнасьць трэба здаваць фізыку або матэматыку.
Форум