Перад тым як пачаць працу на Радыё Свабода, Лукашук быў сярод стваральнікаў «Мартыралёгу Беларусі», працаваў у газэце «Звязда», галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь».
У інтэрвію Свабодзе ён расказвае пра сваю працу, жыцьцё і найноўшую гісторыю Беларусі. Ніжэй прыводзяцца некаторыя скарочаныя цытаты. Цалкам размову глядзіце ніжэй на Youtube.
Пра доўгатрываласьць на пасадзе кіраўніка Беларускай службы
«У нас на радыё заўсёды вельмі важна было, якая аптымальная даўжыня перадачы. І быў у нас адзін трэнінг з BBC, яго вяла жанчына, якая 50 гадоў працавала ў этэры. Яна ўвесь час ухілялася ад адказу на гэтае пытаньне, але нарэшце сказала: „Ведаеце, гэта ненармальнае пытаньне, таму на яго няма адказу. Гэта як пытацца, якога колеру павінен быць абед. Няма кароткага ці даўгога. Пытаньне ў тым, адпавядае навіна, аналітыка, ці не адпавядае“. За гэтыя 25 год, дарэчы, я тройчы сыходзіў. Паўгода я быў стыпэндыятам Гувэрскага інстытуту ў Стэнфардзе (ЗША), больш за год быў дырэктарам Афганскай службы, затым быў доўга галоўным рэдактарам усяго радыё. І гэтыя сыходы для прафэсіі важныя, таму што ты бачыш іншыя ракурсы і галава пачынае разумець інакш».
Пра параўнаньне сваёй доўгатрываласьці з Лукашэнкам
«Маёй марай было сказаць, што Лукашэнка сыдзе, а я застануся. Але не ўдалося. У 1995 годзе над Беларусьсю зьбілі паветраны шар з амэрыканцамі. Замежныя журналісты патэлефанавалі тады мне, бо я размаўляў па-ангельску і ў мяне на той час было ўжо шмат публікацый у замежнай прэсе. І мадэратар кажа:
„На сувязі з намі Аляксандар Лукашэнка“. Так адбывалася кожны раз. Аднойчы гэта нават пачула мая мама, патэлефанавала мне і ледзь ня плакала. Я прызвычаіўся і казаў, што насамрэч ёсьць чатыры мужы ісьціны — Марк, Мацьвей, Ян і Лука. Ну што вы хочаце?»
Пра самы важны тэкст за гады сваёй працы
Я лічу гэта важным для ўсёй гісторыі Беларусі. Ня сам тэкст, а нагоду. Вельмі часта задаецца пытаньне, а калі ў Беларусі ўсё пайшло ня так. Быў жа такі выдатны пачатак, незалежнасьць, бел-чырвона-белы сьцяг. Нехта пра 1995, іншыя пра 1996 год. Кажуць пра выбары прэзыдэнта. У мяне іншая дата таго, калі ўсё гэта стала непазьбежным, — 3 лютага 1993 году. На наступны дзень я напісаў гэты тэкст, ён называўся «Рэабілітацыя катаў»:
«3 лютага 1993 году Вярхоўны Савет аднавіў у правах Камуністычную партыю. Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам. Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі?
Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і дачок і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыяактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?»
Я памятаю, як мяне ўразіла, што 188 дэпутатаў вярнулі ўсё назад. Усё сышло з рук, усё аказалася беспакараным. Для мяне стала выразна зразумела, што рэабілітацыя катаў робіцца дзеля таго, што каты запатрабаваныя. Я скончыў той тэкст фразай:
«Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. I тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй».
Калі б гэтыя людзі не галасавалі за кампартыю, гэта азначала б, што яны б і ніколі не дапусьцілі да ўлады Лукашэнкі. У гэтай даце сам Лукашэнка.
Пра тое, адкуль у 1990-я зьявіліся свабодныя людзі, калі яны гадаваліся ў СССР
Было Радыё Свабода, па-расейску, па-беларуску. Быў «Голас Амэрыкі», было BBC. Існаваў самвыдат. Мы ведалі пра Салжаніцына, пра Васіля Быкава, цкаваньне беларускіх пісьменьнікаў. І як улада толькі адпусьціла, пачала «галоснасьць», то ўсё запоўнілася як вадою. Я ўпэўнены, што гэта паўторыцца. Гэта натуральны непазьбежны працэс. Усё, што павышае ўзровень свабоды, дае табе сілу, дазваляе расьці, як дрэвам і траве.
Пра тое, калі займацца журналістыкай было складаней
Мне проста адказаць, калі было лягчэй за ўсё і прыемней. Гэта быў канец 80-х, пачатак 90-х. Гэта быў пэрыяд «галоснасьці». Журналісты былі героямі дня, гэта былі галоўныя людзі. Я ў той час быў сакратаром Дзяржаўнага камітэту па дзяржаўных прэміях, сакратаром сэкцыі журналістыкі. Быў намесьнікам старшыні менскай гарадзкой арганізацыі журналістаў. Рэдакцыі тузіна газэт і часопісаў вылучылі мяне сваім кандыдатам у Вярхоўны Савет. Я здымаў дакумэнтальныя фільмы, пра Курапаты, пра путч.
Другі пэрыяд — гэта праца ў Афганістане (дырэктарам афганскай службы). Афганістан спрабаваў пачаць новую будучыню, 2005–2006 год. Тады абралі прэзыдэнта, парлямэнт. Я гэта раней бачыў у Беларусі. Усе людзі хацелі ведаць і пачуць навіны. Гэта падпітка журналістаў, гэта самы шчасьлівы час для іх. Нас слухала 75% насельніцтва. Гэта сусьветны рэкорд амэрыканскага замежнага вяшчаньня ўсіх часоў і народаў.
Трэці пэрыяд — пандэмія і 2020 год. Гэта час вялікага зруху і зрушэньня ўсяго грамадзтва. Гэта залаты час для гэтага пакаленьня журналістаў.
Журналістыка можа існаваць у свабоднай краіне або ў аўтарытарнай. У таталітарнай краіне яе існаваць ня можа. Там ёсьць толькі халуйства. Але халуйства — гэта не прафэсія. Гэтая публіка, якая сёньня ў Беларусі ў тым, што яны называюць газэтамі ці тэлеканаламі, — гэта прыслуга, якая падае. Яны нават ня кухары.
Пра тое, ці паўплывала праца Радыё Свабода на пратэсты ў 2020 годзе, як сьцьвярджае прапаганда
У некаторыя размовы ня варта ўступаць, і гэта адна зь іх. Пра што можна гаварыць зь людзьмі, у якіх зьвязаныя ззаду рукі, якім укалолі ўкол? Папрокі ў тым, што нечыя словы на штосьці ўплываюць, ідуць, бадай, з часоў Хрыста. Фарысэі сабраліся і казалі: вось ён, маўляў, гаварыў, давайце мы яго за гэта ўкрыжуем. На адным са стрымаў з Ланцуга салідарнасьці ў Менску адзін хлопец сказаў, што ён глядзеў гэты стрым дома і яму стала сорамна, што ён ляжыць на канапе, таму ён прыйшоў. Але гэта ня Радыё Свабода яго прывяло. Радыё Свабода дало яму інфармацыю, прадставіла выбар. У гэтым і палягала роля незалежнай журналістыкі.
Пра тое, ці заб’е інтэрнэт журналістыку і заменіць яе на блогераў
Зараз з журналістыкай нешта адбываецца, але я не вазьму на сябе сьмеласьць сказаць, куды яно ўсё зойдзе. Гэта прафэсія, як і прафэсія лекара. Цяпер сапраўды ўзьнікла шмат блогераў, відэаблогераў, тык-токераў, якія робяць інтэрвію, расказваюць тое, што адбылося. Але калі на іх глядзець з пункту гледжаньня прафэсіі, то гэта як прыйсьці з вуліцы ў шпіталь, надзець халат. Але праблема ў тым, што яны не дактары, і калі яны пачнуць цябе лячыць, то наступствы будуць хай і не такія, як ад псэўдалекара, але прыблізна такія ж. Я тут не кажу пра выключэньні, бо ёсьць сапраўды таленавітыя людзі, якія здольныя вучыцца. Інтэрнэт стварыў ілюзію, што людзі могуць разабрацца, дзе факты, а дзе інтэрпрэтацыя. Калі ў чалавека апэндыцыт, то нікому ў галаву не прыходзіць рэзаць сабе жывот, хаця, здавалася б, такая лёгкая апэрацыя. А рабіць апэрацыі на сваёй галаве многія робяць кожную сэкунду. Гэта ілюзія.
Форум