Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», завочна судзіць будуць былую рэдактарку аддзела эканомікі і палітыкі Вольгу Лойку, карэспандэнтку Алена Талкачову і юрысконсульта Кацярыну Ткачэнку. Суд над журналісткамі і юрысткай будзе закрытым, як і працэс, які праходзіў у ліпені 2024-га, таксама без прысутнасьці падсудных, якія знаходзяцца за мяжой.
Вольгу Лойка, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнку абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»); ч. 2 арт. 243 («Ухіленьне ад аплаты сум падаткаў, збораў»); ч. 3 арт. 361 («Ззаклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»); ч. 3 арт. 130 («Распальваньне расавой, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).
Такія артыкулы пасьля 2020 году звычайна выстаўляюць асобам, якіх перасьледуюць з палітычных матываў.
Гэта новы разгляд справы супраць былых супрацоўніц Tut.by Лойкі, Талкачовай і Ткачэнкі. Першы раз справу паводле тых жа артыкулаў КК пачала разглядаць 15 ліпеня 2024 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валянціна Зянькевіч. Вынік разгляду застаўся невядомы, але праваабаронцы не выключаюць, што справа была вернутая пракурору. На сайце Вярхоўнага суду Лойка, Ткачэнка і Талкачова ня ўнесеныя ў сьпіс грамадзян, у дачыненьні да якіх адбываецца завочнае вядзеньне.
Вольга Лойка, якая пражывае за мяжой, адмовілася пракамэнтаваць новы судовы працэс.
«Нічога пра суд ня ведаю і не спрабую даведацца. Пачытаю на „Вясьне“ аб прысудзе потым», — напісала Свабодзе журналістка Лойка.
Што да працэсу, які пачынаўся ў ліпені, Вольга Лойка выказвалася катэгарычна: "«Не магу камэнтаваць трызьненьні і абсурд, якія ня маюць да мяне дачыненьня. Да выплаты падаткаў кампаніяй журналіст ня мае дачыненьня, прыхільніцай санкцый я ніколі не была, адпаведна не зьбіралася да іх заклікаць. Разумею так, што машына рэпрэсій і абсурду проста ня можа спыніцца. Але тым відавочней гэта для навакольных людзей. І нават добра, што там няма тармазоў, — хутчэй усё завершыцца», — камэнтавала абвінавачаньне Вольга Лойка.
Выстаўленае абвінавачаньне пагражае фігурантам справы зьняволеньнем да 12 гадоў.
Пасьля 2020 году ўлады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сярод разгромленых СМІ быў і папулярны ў Беларусі партал Tut.by.
Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава і гендырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна застаюцца за кратамі пасьля вынясеньня ім выракаў па 12 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.
Праваабарончая супольнасьць прызнала Золатаву і Чэкіну палітзьняволенымі.
Вольгу Лойка затрымалі ў траўні 2021 году, як і юрысконсульта Кацярыну Ткачэнку. Праз 10 месяцаў абедзьве выйшлі на волю пад падпіску пра нявыезд. Алена Талкачова таксама была затрыманая ў траўні 2021 году, выйшла на волю да суду ў ліпені 2022 году, праз 14 месяцаў. Суд у справе Tut.by пачаўся ў студзені 2023 г, на яго Лойка, Талкачова і Ткачэнка не зьявіліся, бо тады ўжо выехалі за мяжу.
Перасьлед былых супрацоўнікаў Tut.by
10 красавіка 2023 году паведамлялася, што Менскі гарадзкі суд аштрафаваў на 500 базавых велічыняў (на той момант 18 500 рублёў) кожнага паручальніка Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь.
Паручальнікамі Талкачовай былі палітоляг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, Лойкі — старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швец.
Паручальнікаў выклікалі ў суд на падставе арт. 134 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу («Парадак накладаньня грашовага спагнаньня і вяртаньня закладу ў даход дзяржавы»). Рашэньні вынесла згаданая Зянкевіч.
Менавіта яна пакарала галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктарку «Тут Бай Медыя» Людмілу Чэкіну 12 гадамі пазбаўленьня волі.
Іншыя абвінавачаныя — рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку Лойка, журналістка Талкачова і юрысконсульт Ткачэнка — на працэс не зьявіліся, бо пасьля вызваленьня з-пад варты пакінулі краіну. Іх абвясьцілі ў вышук.
Чэкінай, Золатавай, Лойцы і Талкачовай у справе былі інкрымінаваныя арт. 243, 130, 361 КК. Ткачэнку абвінавачвалі паводле артыкулаў 243 і 342 КК.
У кастрычніку 2022 году Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Агулам у «справе Tut.by» былі затрыманыя 15 чалавек. Зь цягам часу агульная колькасьць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазьней пад вартай засталіся двое (Золатава і Чэкіна).
Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 году. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж году стварыла праект Zerkalo.io, які прытрымліваецца традыцый Tut.by. У Беларусі і Расеі доступ да сайту заблякаваны. Кантэнт сайту ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Трэцяга сьнежня 2020 году Эканамічны суд Менску пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 году — прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У чэрвені 2023 году Лойка заснавала на эміграцыі аўтарскі мэдыяпраект Plan B, які асьвятляе падзеі ў Беларусі.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
Форум