Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК агучыла канчатковыя лічбы прэзыдэнцкіх выбараў, не прызнаных у дэмакратычным сьвеце


Ігар Карпенка, Менск, 3 лютага 2025
Ігар Карпенка, Менск, 3 лютага 2025

Трэцяга лютага ў Менску агучылі афіцыйныя вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Яны адбыліся 26 студзеня і, на думку праваабаронцаў, прайшлі ў атмасфэры запалохваньня. Дзясяткі краінаў сьвету не прызналі выбараў і, адпаведна, Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Ігар Карпенка заявіў, што за прэзыдэнцкай кампаніяй ажыцьцяўлялі назіраньне 44 тысячы 361 нацыянальны, а таксама 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін сьвету. Былі і назіральнікі з краінаў Эўразьвязу, напрыклад Нямеччыны, Чэхіі, Славаччыны, Гішпаніі, Бэльгіі і іншых, але не ад афіцыйных дэлегацый.

На выніковым паседжаньні ЦВК прысутнічалі ўсе 12 сяброў камісіі. Перад агучваньнем канчатковых вынікаў усе кіраўнікі абласных выбарчых камісій адзначылі, што выбары нібыта прайшлі ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, многія зазначылі, што вельмі высокай была яўка тых, хто галасаваў упершыню.

Канчатковыя вынікі, якія агучыла ЦВК:

  • Аляксандар Лукашэнка — 5 136 293 галасы (86,82%),
  • Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў,
  • Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы,
  • Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў,
  • Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.

3 лютага ўрад Беларусі склаў паўнамоцтвы, як гэта робіцца пасьля выбараў, адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер Раман Галоўчанка. Лукашэнка даручыў Галоўчанку і міністрам выконваць абавязкі да фармаваньня новага ўраду.

Па заканчэньні выбараў у Беларусі 26 студзеня 38 дзяржаваў – удзельніц АБСЭ прынялі супольны дакумэнт зь іх ацэнкай. Яны заявілі, што выбары ў краіне не былі свабоднымі і не адпавядалі стандартам АБСЭ. Заяву падпісалі Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Гішпанія, Грэцыя, Данія, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксэмбург, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Румынія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швэцыя, Эстонія.

Да заявы таксама далучыліся: Альбанія, Андора, Аўстрыя, Босьнія і Герцагавіна, Ліхтэнштайн, Мальта, Паўночная Македонія, Сан-Марына і Швайцарыя.

Экспэртная місія па назіраньні за выбарамі 2025 году ў Беларусі апублікавала сваю папярэднюю справаздачу. Місія была арганізаваная Беларускім Хэльсынскім камітэтам і праваабарончым цэнтрам «Вясна». У справаздачы адзначаецца, што сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі пасьля мірных пратэстаў супраць фальсыфікацый на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Праведзены экспэртнай місіяй маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі ў Беларусі дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG