Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская расказала, якой бачыць сваю ролю пасьля выбараў у Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская перакананая, што выбары 26 студзеня ў Беларусі ня маюць ніякага сэнсу ні для беларусаў, ні для беларускага дэмакратычнага руху, ні для міжнародных партнэраў.

«У цэлым тое, што мы называем „выбарамі“ ў Беларусі, — гэта рытуал самапрызначэньня Лукашэнкі. Усе гэта разумеюць у дэмакратычным сьвеце. І мы бачылі, колькі краін падтрымалі непрызнаньне выбараў у Беларусі і будуць працягваць палітыку непрызнаньня Лукашэнкі. Ніхто ня ставіць пытаньня, што яны цяпер дэмакратычныя сілы не прызнаюць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

Паводле яе, дэмакратычныя сілы працягваюць працаваць разам.

«Мы падпісалі дамову паміж галоўнымі інстытутамі дэмсілаў. Мая задача з 2020 году — быць голасам усіх беларусаў, якія жадаюць перамен. І давесьці Беларусь усім разам да сапраўдных выбараў: вызваліць палітвязьняў, пакараць вінаватых у рэпрэсіях. Пакуль гэтага не адбылося, мая роля застаецца ранейшай. І я ня бачу нейкага расколу ў грамадзтве па гэтым пытаньні», — удакладніла яна.

Сьвятлана Ціханоўская перакананая, што на міжнародным узроўні дэмакратычныя сілы ўспрымаюцца як прадстаўнікі беларускага народу.

«Днямі беларуская дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі пачала работу ў ПАРЭ. І гэта дэлегацыя нашай Каардынацыйнай рады, а не лукашэнкаўскіх структур. Мы сустракаемся з кіраўнікамі дзяржаў, удзельнічаем у самітах, падтрымліваем рэпрэсаваных, дапамагаем беларусам унутры краіны. То бок мы выконваем функцыю кіраўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў. А Лукашэнку не прызнаюць: ён захапіў уладу, і ніхто зь ім не размаўляе. Таму я ня бачу ўвогуле ніякіх перамен. Гэтага ніхто не аспрэчвае сярод нашых партнэраў», — падкрэсьліла яна.

Паводле яе, Лукашэнка хоча ад Захаду не дыялёгу, а капітуляцыі — каб да яго прыйшлі і «пачалі выкупляць, пакланіўшыся, палітычных зьняволеных». Яна заклікала заходнія краіны ня даць сябе падмануць з боку беларускага рэжыму, які на тле некаторых вызваленьняў працягвае затрымліваць людзей яшчэ ў большай колькасьці.

«Патрэбны дакладны сыгнал ад рэжыму, што яны хочуць размаўляць. І зь іхнага боку павінны спыніцца рэпрэсіі на працяглы час. І тады стане зразумела, што можна пачынаць дыялёг», — мяркуе яна.

Сьвятлана Ціханоўская дадала, што заходнія краіны павінны быць мадэратарамі нацыянальнага дыялёгу ў Беларусі, а да яго пачатку працягваць санкцыйную палітыку ня супраць Беларусі, а супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і яго спонсараў.

  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG