30 студзеня баевікі вызвалілі васьмёх закладнікаў: траіх ізраільцян — Агаму Бэргер, Арбэля Йегуда і Гадзі Мазэса, а таксама пяцёх грамадзян Тайлянду — Баннавата Сітха, Ватчара Шрыюана, Наттапонга Пінту, Пангсака Тана, Сурасака Ламна.
Падчас перадачы ізраільскіх закладнікаў Чырвонаму Крыжу ў Хан-Юнісе сабраўся натоўп. Людзі крычалі, залазілі на машыну супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа, здымалі закладнікаў на тэлефоны, а таксама перашкаджалі руху групы ўзброеных баевікоў, якія вялі закладнікаў. Такое адбывалася і падчас перадачы папярэдняй групы закладнікаў.
Ізраіль зьвязаўся з пасярэднікамі з Катару і Эгіпту, каб выказаць абурэньне тым, што адбываецца падчас вызваленьня закладнікаў, а таксама запатрабаваў гарантаваць бясьпеку закладнікаў, піша Newsru.co.il. Палестынскія зьняволеныя ўжо пакінулі тэрыторыю турмы і селі ў аўтобусы, калі ім загадалі вярнуцца назад у камэры.
Дарадца офіса Нэтаньягу Дзьмітрый Гендэльман пазьней апублікаваў паведамленьне канцылярыі прэмʼер-міністра, у якім гаворыцца, што ў адказ на патрабаваньне Ізраіля пасярэднікі перадалі абавязаньне, згодна зь якім на наступных этапах вызваленьня будзе гарантаваны бясьпечны выхад закладнікаў.
«Ізраіль настойвае на атрыманьні навукі з таго, што адбылося, і на строгіх захадах бясьпекі для нашых закладнікаў пры іх вяртаньні на наступных этапах», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Форум