Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ пасьля тэрміновых дэбатаў заявіла пра «вострую неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з папярэдніх сэсіяў ПАРЭ
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з папярэдніх сэсіяў ПАРЭ

30 студзеня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) правяла тэрміновыя дэбаты на тэму «Вострая неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі» і аднагалосна ўхваліла рэзалюцыю аб непрызнаньні выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня, і нелегітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Прыняцьце дакумэнту падтрымалі ўсе 79 сяброў ПАРЭ, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Асноўныя тэзісы рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы:

  • патрэбна правесьці ў Беларусі незалежныя дэмакратычныя выбары,
  • вызваліць усіх палітвязняў,
  • Рада Эўропы заклікае іншыя краіны не прызнаваць выбары ў Беларусі,
  • Няма таксама падставаў прызанваць Лукашэнку як легітымнага прэзыдэнта,
  • Трэба ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

З дакладам падчас дэбатаў выступіў гендакладчык ПАРЭ аб Беларусі, дэпутат Сэйму Польшчы Рышард Пэтру.

Перад пачаткам гэтых дэбатаў у ПАРЭ абмеркавалі праект канвэнцыі аб абароне прафэсіі адваката. Было адзначана, што ПАРЭ пасьлядоўна разглядае адвакатаў як абаронцаў правоў чалавека і з усё большай занепакоенасьцю назірае рост колькасьці выпадкаў, калі адвакаты станавіліся аб'ектамі нападаў выключна таму, што яны выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. У сувязі з гэтым у ПАРЭ, сярод іншага, згадалі палітзьняволенага беларускага адваката Максіма Знака, затрыманага ў верасьні 2020 году і асуджанага на 10 гадоў калёніі ва ўзмоцненага рэжыму, праз абвінавачаньні ў «закліках да санкцыяў» (арт. 361 КК), «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня ці ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 КК).

Гендакладчык ПАРЭ па Беларусі: «Рэжым Лукашэнкі нясе пагрозу для бясьпекі Эўропы»

Гендакладчык ПАРЭ па Беларусі, дэпутат Сэйму Польшчы Рышард Пэтру падчас свайго выступу заявіў, што з 2020 году, калі Лукашэнка «прайграў прэзыдэнцкія выбары», рэпрэсіі ў Беларусі толькі ўзмацніліся, прадстаўнікі апазыцыі — за кратамі ці вымушаныя былі пакінуць краіну, голас незалежных СМІ ў Беларусі заглушаны, а апазыцыйныя партыі зьліквідаваныя. Ён падкрэсьліў, што выбары, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня, ні пры якіх абставінах ня могуць лічыцца ні вартымі даверу, ні легітымнымі.

Рышард Пэтру
Рышард Пэтру

Таксама ў сваім дакладзе Рышард Пэтру згадаў падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны ва Ўкраіне і разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, а таксама мігранцкі крызіс. «Гэта ўсё паказвае пагрозу, якую рэжым Лукашэнкі нясе для бясьпекі Эўропы з боку несумленнага самадзяржаўнага рэжыму», — заявіў ён.

Ён падкрэсьліў, што ў дэбатах таксама прымаюць удзел прадстаўнікі дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў, якія прадстаўляюць Кардынацыйную раду, падзякаваўшы ім за іхны «унёсак у дэмакратыю», і падкрэсьліў, што ПАРЭ падтрымлівае дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. Ён заклікаў не прызнаць выбары 26 студзеня ў Беларусі, патрабаваць вызваленьня беларускіх палітвязьняў і дамагацца прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці за ўчыненыя ім злачынствы.

Дэлегацыя Каррдынацыйнай рады ў Страсбуры: сьпікерка КР Анжаліка Мельнікава, дэлегаты Павал Латушка, Аляксандра Мамаева, Маргарыта Ворыхава, Валер Мацкевіч і Павал Церашковіч
Дэлегацыя Каррдынацыйнай рады ў Страсбуры: сьпікерка КР Анжаліка Мельнікава, дэлегаты Павал Латушка, Аляксандра Мамаева, Маргарыта Ворыхава, Валер Мацкевіч і Павал Церашковіч

Прадстаўніца Каардынацыйнай рады: Беларусь сутыкнулася з экзістэнцыйнай пагрозай з боку Крамля

Ад імя Каардынацыйнай рады Беларусі выступіла Анжаліка Мельнікава. Яна падзякавала за запрашэньне на сэсію ПАРЭ дэлегацыі Каардынацыйнай рады Беларусі, выбарнага прадстаўнічага органу беларускіх дэмакратычных сілаў.

Анжаліка Мельнікава
Анжаліка Мельнікава

«Гэта важная для нас матывацыя і выразны сыгнал вашай падтрымкі ўсім нам у нашай барацьбе за свабоду», — сказала яна.

Гаворачы пра выбары 26 студзеня, Мельнікава заявіла, што яны не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, парушалі ўсе стандарты дэмакратычных выбараў.

«Сёньня ў Беларусі больш за 1200 палітвязьняў, мінімум 7 зь якіх былі закатаваныя да сьмерці... За апошнія гады ўсе 11 апазыцыйных партый апынуліся па-за законам. Зьліквідавана больш за 1800 НДА і ўсе незалежныя СМІ. Прынамсі 300 тысяч беларусаў былі вымушаныя эміграваць. Усе нашы грамадзяне за мяжой цяпер пазбаўленыя выбарчых правоў.

Атмасфэра страху і тэрору была наўмысна створана ў маёй краіне. У такой сытуацыі абвешчаныя вынікі так званых выбараў ня могуць быць прызнаныя. Мы заклікаем вас адмовіцца ад прызнаньня гэтых фальшывых выбараў, адмовіцца прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі і асудзіць гэты працэс як фальшыўку. Наша дэлегацыя цалкам падтрымлівае рэзалюцыю Асамблеі, якая заклікае да тэрміновай неабходнасьці свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, і я кажу зараз аб сумеснай пазыцыі каардынацыі», — заявіла яна.

Мельнікава заявіла, што апазыцыйныя сілы з офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінэта і большасьць арганізацый грамадзянскай супольнасьці працягваюць супраціўляцца рэжыму.

«Сёньня мы змагаемся за захаваньне незалежнасьці нашай краіны, якая сутыкнулася з экзістэнцыяльнай пагрозай з боку Крамля і ідэалёгіі рускага сьвету. Расея актыўна ўкараняе спробы неваеннай акупацыі Беларусі. Аднак мы разумеем, што толькі свабодная нацыя можа эфэктыўна супрацьстаяць пагрозам для свайго сувэрэнітэту».

Адным з галоўных прыярытэтаў яна назвала прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці.

«Ён працягвае зьдзяйсьняць злачынствы супраць чалавечнасьці, супраць беларусаў, а таксама ваенныя злачынствы, і падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны».Мельнікава выказала перакананьне, што беларускі народ — эўрапейскі народ:

«Наша гісторыя і культура зьяўляюцца неадʼемнай часткай гістарычнай спадчыны Эўропы, але не менш важна для нас быць часткай будучыні Эўропы. Мы ўдзячныя за вашу салідарнасьць і будзем працягваць нашу барацьбу за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю».

Прадстаўніца Ўкраіны: «Беларусь цалкам падкантрольная Расеі»

Народная дэпутатка Ўкраіны Яўгенія Краўчук, якая ўзначальвае прэс-офіс партыі «Слуга народу», падчас свайго выступу заявіла, што нельга назваць выбарамі тое, што адбылося ў Беларусі 26 студзеня, і ніякая рэзалюцыя ПАРЭ не прывядзе да новых выбараў у Беларусі.

Яўгенія Краўчук
Яўгенія Краўчук

«Гэтага не адбудзецца, пакуль рэжым у Крамлі ня вырашыць так. Таму што Беларусь цалкам кантралюецца — дыпляматычна, эканамічна — з Расеі. Лукашэнка аддаў незалежнасьць сваёй краіны, здрадзіў свайму народу для таго, каб заставацца ва ўладзе настолькі доўгі час», — заявіла яна.

Яна падкрэсьліла неабходнасьць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны і незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей і іх «перавыхаваньне».

Яна падкрэсьліла, што ўлады Беларусі адказныя за зьнішчэньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і спробу далучыць беларусаў да так званага «русского мира», а таксама згадала палітычны перасьлед беларусаў «нават за тое, што яны размаўляюць па-беларуску».

Літоўскі дэпутат заклікаў іншыя краіны далучыцца да звароту Літвы ў МКС

Літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгеріс засяродзіў свой выступ на «гібрыднай атацы» з боку рэжыму Лукашэнкі, які «кідае» нелегальных мігрантаў на межы Эўразьвязу пад кантролем беларускіх вайскоўцаў.

Эмануэліс Зінгеріс
Эмануэліс Зінгеріс

Ён заявіў, што рэжым Лукашэнкі ўжо больш за 20 гадоў зьнішчае беларускую культуру і згадаў пра закрыцьцё беларускамоўных школ і замену іх на «расейскія школы з ідэалёгіяй часоў Сталіна». Лукашэнку ён назваў «фактычна прадстаўніком рэжыму Сталіна ў цэнтры Эўропы».

Ён заклікаў іншыя краіны далучыцца да звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Лукашэнкі.

Таксама падчас дэбатаў выступілі прадстаўнікі шэрагу іншых краін.

Па выніках дэбатаў аб сытуацыі ў Беларусі ў ПАРЭ аднагалосна прагаласавалі за ўхваленьне адпаведнай рэзалюцыі.

Пра што гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЭ

У праекце рэзалюцыі, апублікаваным раней, гаворыцца, што прэзыдэнцкія выбары 2025 году ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам і што «няма падставаў для прызнаньня легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта». У дакумэнце падкрэсьліваецца, што «так званыя выбары», арганізаваныя 26 студзеня 2025 году, «зьяўляюцца прыкладам абуральнай непавагі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да асноўных дэмакратычных нормаў і міжнароднага права, якое характарызавала тры дзесяцігодзьдзі яго кіраваньня».

У праекце рэзалюцыі, сярод іншага, падкрэсьліваецца, што з 2020 году рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана зьнішчаў дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі, прыняў законы, якія фактычна забаранілі дзейнасьць апазыцыйных палітычных партыяў і вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

У ёй асуджаюцца беспрэцэдэнтная колькасьць палітычна матываваных арыштаў, затрыманьняў і шырокамаштабнае запалохваньне апазыцыйных дзеячоў, журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў. Таксама ў дакумэнце згадваецца, што ў Беларусі застаюцца пад вартай больш за 1200 палітычных зьняволеных, а рэпрэсіі ў краіне вымусілі больш за 500 тысяч беларусаў уцячы за мяжу, прычым многія зь іх працягваюць сутыкацца з рэпрэсіямі ў выглядзе завочных судовых працэсаў.

«Шырока распаўсюджаны і сыстэматычны характар перасьледу цывільнага насельніцтва, які праводзіць рэжым Лукашэнкі, можа быць кваліфікаваны як злачынствы супраць чалавечнасьці, і Асамблея прызнае зварот Літвы ў пракуратуру Міжнароднага крымінальнага суду ў верасьні 2024 году для расьсьледаваньня гэтых меркаваных злачынстваў», — гаворыцца ў дакумэнце.

У праекце рэзалюцыі ПАРЭ «пацьвярджае сваю непахісную прыхільнасьць да падтрымкі правоў, свабодаў і бясьпекі беларускага народу, праяўляючы салідарнасьць з усімі, хто пацярпеў ад злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, і сваю падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Сьвятланай Ціханоўскай». У дакумэнце падкрэсьліваецца, што супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці застаецца «прыярытэтам для Рады Эўропы».

Таксама ў дакумэнце гаворыцца, што Беларусь павінна быць дэмакратычнай, незалежнай і сувэрэннай дзяржавай, сябрам Рады Эўропы, для гэтага заплянавана далей пашыраць удзел беларускіх дэмакратычных сілаў у працы ПАРЭ.

Згодна з дакумэнтам, ПАРЭ заклікае беларускія ўлады:

  • неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі;
  • абвясьціць амністыю для ўсіх арыштаваных з палітычных матываў;
  • спыніць ужываньне катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня;
  • арганізаваць свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным наглядам;
  • забясьпечыць мірную перадачу ўлады пасьля арганізацыі свабодных і справядлівых выбараў;
  • увесьці мараторый на сьмяротную кару з наступнай яе адменай.

Таксама Парлямэнцкая асамблея зьвяртаецца да дзяржаў – сяброў Рады Эўропы з заклікам:

  • не прызнаваць выбары 26 студзеня 2025 году і адмовіцца лічыць Лукашэнку законным прэзыдэнтам, а таксама пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і тых, хто падтрымлівае яго незаконную дзейнасьць;
  • працягнуць і ўзмацніць падтрымку структураў беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Сьвятланай Ціханоўскай;
  • пашыраць намаганьні для расьсьледаваньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і актыўна падтрымліваць мэханізмы, якія забясьпечваюць прыцягненьне вінаватых да адказнасьці;
  • падтрымліваць беларусаў, вымушаных уцякаць з краіны, у захаваньні іх мовы, культуры і самабытнасьці і не высылаць іх назад, пакуль існуе рызыка перасьледу;
  • стварыць мэханізмы для адсочваньня выпадкаў транснацыянальных рэпрэсіяў, зрабіць захады дзеля абароны беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў ад рэпрэсій рэжыму.
  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
  • Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
  • Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG