Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкруціцца кампанія, якая раней была буйным гульцом на фармацэўтычным рынку Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску банкруціцца кампанія «Фармін», вынікае з інфармацыі адзінага дзяржаўнага рэгістру зьвестак аб банкруцтве, заўважыла «Люстэрка». Раней кампанія была буйным гульцом на фармацэўтычным рынку.

«Фармін» быў адным зь вядучых дыстрыбутараў фармацэўтычных прэпаратаў у Беларусі, аднак у лістападзе 2022 году кампанія пачала працэс ліквідацыі. Прычынай сталі фінансавыя цяжкасьці.

Больш як праз два гады ў Эканамічным судзе Менску разгледзелі справу аб банкруцтве кампаніі. З заявай зьвярнуліся самі ўладальнікі фірмы. Аказалася, што агульная запазычанасьць перад крэдыторамі ў яе перавышае 2,13 млн рублёў у эквіваленце, а кошт актываў — крыху вышэйшы за 2,1 млн рублёў. Сюды ўваходзіць невялікая нерухомасьць у Гомлі, даўгі іншых кампаній «Фарміну» і сродкі на рахунках у банку.

У выніку судзьдзя распачаў справу аб банкруцтве і адкрыў конкурснае вядзеньне. Гэта працэдура эканамічнай неплатаздольнасьці, яе праводзяць для таго, каб задаволіць патрабаваньні крэдытораў, абараніць правы даўжніка, а таксама інвэстараў пры санацыі (аздараўленьні). Калі немагчыма правесьці санацыю або няма падставаў для яе, запускаецца ліквідацыйнае вядзеньне даўжніка.

«Фармінам» валодае Інакенці Ясноўскі. Кампанія працавала ў Беларусі з 2000 году. Яна займалася аптовым гандлем фармацэўтычнымі, вэтэрынарнымі, мэдычнымі і артапэдычнымі таварамі — то бок забясьпечвала імі аптэкі. Таксама кампанія праз «дачку» «Партнэр Мэдытэк» мела сваю сетку — «Любімая аптэка». Апошняя сышла ў банкруцтва год таму. Сетку аптэк тады распрадалі па частках «АльфаАптэцы» і «Аптэцы груп».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG