Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў зьвесткі пра 36 грамадзян замежных краін, якіх утрымліваюць у беларускіх вязьніцах з палітычных прычын.
Мяркуючы па прозьвішчах і біяграфіі, нямала палітвязьняў-замежнікаў паходзяць зь Беларусі і маюць тут сваякоў.
26 студзеня стала вядома, што Беларусь вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нюфэр, якая раней мела беларускае грамадзянства. Агулам, паводле праваабаронцаў, пасьля 2020 году ня меней за 75 замежнікаў зазналі ў Беларусі палітычны перасьлед. На гэты момант у беларускіх вязьніцах застаецца 36 палітзьняволеных замежных грамадзян.
Гэта грамадзяне Ўкраіны, Японіі, Польшчы, Швэцыі, ЗША, Расейскай Фэдэрацыі, Латвіі, Літвы, Армэніі, Казахстану і Ўзбэкістану. «Вясна» ўзгадала гісторыі некаторых зь іх.
Фігурант «справы змоўнікаў» з ЗША выступае на БТ як вольны палітоляг
З красавіка 2021 году за кратамі ўтрымліваюць палітоляга Юрыя Зянковіча, фігуранта «справы змоўнікаў», якому суд прызначыў 11 гадоў калёніі. Зянковіч — беларус, але мае грамадзянства ЗША. Ён адбывае тэрмін у бабруйскай калёніі, дзе быў асуджаны яшчэ паводле двух крымінальных спраў.
Паводле «Вясны», з канца лета 2024 году Юры знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску. Ён мае праблемы з здароўем — найперш ціск, ад якога трэба пастаянна прымаць лекі. Таксама ў палітвязьня анэмія і авітаміноз, вялікая страта ў вазе ад зьнясіленьня.
У студзені 2025 году прапаганда паказала палітвязьня Юрыя Зянковіча ў 20-хвілінным роліку, не згадаўшы, што ён асуджаны. Адказу на пытаньне, які цяпер статус у Зянковіча, у сюжэце АНТ няма. Ён быў прадстаўлены як амэрыканскі адвакат, палітоляг і экспэрт, адзначае «Вясна».
13 украінцаў асуджаныя за «шпіянаж» і «агентурную дзейнасьць»
У шклоўскай калёніі адбывае тэрмін у 5 гадоў зьняволеньня ўкраінец Аляксандар Катовіч. Напрыканцы сакавіка 2024 году яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі).
З пачаткам вайны ва Ўкраіне ціск на ўкраінцаў у Беларусі ўзмацніўся. На памежных пунктах іх дапытвалі, а некаторых не ўпускалі ў краіну без тлумачэньня прычын. У Беларусі былі затрыманьні грамадзян Украіны нібыта за «агентурную дзейнасьць», «шпіянаж» і «спробы дывэрсій». Іх падазраюць у супрацы з украінскімі спэцслужбамі. Так, за «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК) асудзілі мінімум 13 грамадзян Украіны: Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіла Сталярчука, Дзьмітрыя Гудзіка, Паўла Купрыенку, Андрэя Шмая, Натальлю Захаранку, Арцёма Макавея, Сяргея і Паўла Кабарчукоў, Мікалая Швяца, Івана Ліхалата, Вячаслава Бародзія.
28 чэрвеня 2024 году зьявілася раптоўная вестка пра вызваленьне зь беларускіх калёній і ізалятара пяцёх палітзьняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызваленьня сваіх грамадзян праз абмен як палонных. Так на волі апынуліся Натальля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» Мікалай Швец.
Грамадзянку Літвы на закрытым паседжаньні прызналі «агентам»
Грамадзянка Літвы Алена Раманаўскене адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі. 11 чэрвеня 2023 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў былой загадчыцы маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» шэсьць гадоў калёніі за «агентурную дзейнасьць». Паводле зьвестак «Вясны», жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна «неаднаразова падавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў».
Афіцыйныя крыніцы ў Беларусі паведамлялі, што жанчыну нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы. Працэс над літоўкай Аленай Раманаўскене праходзіў у закрытым рэжыме.
Чатырох грамадзян Латвіі трымаюць за кратамі
Таксама прызналі вінаватай у «агентурнай дзейнасьці» 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку, суд над якой адбыўся ў кастрычніку 2023 году. Праваабаронцам вядома, што справу Алы Сакаленкі ў закрытым рэжыме разглядала судзьдзя Анастасія Папко, але які дакладна яна прызначыла тэрмін, невядома.
У прапагандысцкім фільме, дзе паказвалася і затрыманьне жанчыны, паведамлялася, што «Сакаленка па заданьні латвійскіх спэцслужбаў рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, зьбірала даныя, стварала кампрамэтуючыя сытуацыі, якія потым служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі».
Ала Сакаленка адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калёніі.
Праваабаронцам вядома таксама пра тое, што ў 2022 годзе ў Гомлі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзьмітрый Сіўко. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады). Прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.
Яшчэ адзін грамадзянін Латвіі за кратамі ў Беларусі — Дмітрыйс Міхайлаўс, якога асудзілі на чатыры гады калёніі ў сьнежні 2022 году. Міхайлаўса абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў КК, уключна з «абразай прадстаўніка ўлады» і «абразай Лукашэнкі». Вядома, што Дмітрыйса на месяц зьмяшчалі ў закрытую псыхіятрычную клініку дзеля правядзеньня экспэртызы, а ў сакавіку 2023 году этапавалі ў ПК № 3 у Віцьбе.
У жніўні 2024 году быў затрыманы грамадзянін Латвіі Юрыйс Ганінс, якога пачалі судзіць у Менскім гарадзкім судзе 12 лістапада 2024 году. Абвінавачвалі яго паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК). Пагражала да дзесяці гадоў калёніі. Сутнасьць абвінавачваньня невядомая, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Выніку суду праваабаронцы ня ведаюць.
Пад вартай чацьвёра грамадзян Польшчы, найвялікшы тэрмін — 14 гадоў
Праваабаронцам «Вясны» вядома пра трох асуджаных па палітычных артыкулах грамадзян Польшчы, а яшчэ адзін утрымліваецца пад вартай.
Гэты апошні — ураджэнец Жабінкі Раман Галуза, які мае польскае грамадзянства. Ён пад вартай зь ліпеня 2022 году.
У 2023 годзе за «агентурную дзейнасьць» на чатыры гады калёніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Яму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калёніі № 3.
У красавіку 2023 году 54-гадовага грамадзяніна Польшчы Робэрта Тампалу асудзілі на тры гады калёніі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калёніі № 1.
Летам 2023 году ў Берасьцейскім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць) і арт. 358 (шпіянаж). Прызначылі 14 гадоў калёніі, нагадваюць праваабаронцы «Вясны».
«Прозьвішча асуджанага японца застаецца невядомым»
Паводле «Вясны», на дадзены момант за кратамі ў Беларусі з палітычных матываў утрымліваюць двух грамадзян Японіі. Абодвух затрымалі за здымку чыгункі і абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці», але інфармацыі пра акалічнасьці іх перасьледу бракуе. Пра афіцыйнае абвінавачаньне выкладчыку Наканісі Масатосі, над якім ідзе закрыты суд, паведамляла толькі дзяржаўнае тэлебачаньне. Наканісі затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 году, падрабязнасьці яго перасьледу расказалі ў сюжэце БТ у верасьні таго ж 2024 году. Сьцьвярджалася, што ён нібыта «ажыцьцяўляў збор і перадачу на адрас японскай спэцслужбы выведнай інфармацыі вайсковага характару». Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць). Грамадзяніну Японіі пагражае да сямі гадоў калёніі.
Прозьвішча другога затрыманага японца пакуль невядомае, адзначае «Вясна».
Форум