У сваёй заяве Міністэрства замежных спраў Украіны назвала прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 26 студзеня фарсам і заявіла, што ня лічыць іх легітымнымі.
«Такія выбары складана назваць справядлівымі, празрыстымі і дэмакратычнымі, асабліва з улікам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, якія пазбавілі выбаршчыкаў альтэрнатыўнага выбару, а самі выбары ператварылі ў палітычнае шоў аднаго чалавека».
МЗС Украіны адзначыла, што ня могуць лічыць выбары легітымнымі ва ўмовах «поўнага адміністрацыйнага кантролю і палітычнага перасьледу, адсутнасьці рэальнай палітычнай канкурэнцыі, уціску свабоды слова і адсутнасьці непадкантрольных уладзе СМІ».
«Гэта фарс», — гаворыцца ў заяве.
МЗС Украіны заявіла, што цалкам падзяляе ацэнкі Службы зьнешніх сувязяў ЭЗ адносна вынікаў гэтай «акцыі», далучаецца да іх і выказвае падтрымку тым беларусам, якія працягваюць змагацца за дэмакратычныя зьмены ў сваёй краіне, яе незалежнасьць, захаваньне сваёй нацыянальнай годнасьці і самабытнасьці.
«Беларускі народ заслугоўвае лепшай будучыні, чым чарговыя пяць гадоў знаходжаньня ў закладніках аднаго чалавека, які не толькі пазбаўляе беларусаў пэрспэктыў годнага разьвіцьця ў сям’і эўрапейскіх народаў, да якіх яны гістарычна належаць, але і стварае пагрозы бясьпецы суседніх краін і эўрапейскага рэгіёну ў цэлым.
Мы перакананыя, што дэмакратычная і сувэрэнная Беларусь, у якой народ, а не адзін чалавек будзе вызначаць будучыню, будзе фактарам доўгатэрміновай стабільнасьці ў нашым рэгіёне, а не саўдзельнікам у вайне Расеі супраць Украіны».
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
- У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
- ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.
Форум