Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі стартап DeepSeek запусьціў бясплатнага памочніка штучнага інтэлекту і выклікаў масавы распродаж акцый на рынку

абноўлена

DeepSeek
DeepSeek

Рынак здрыгануўся. Напрыклад, кампанія Nvidia зазнала рэкордную страту рынкавай капіталізацыі.

27 студзеня інвэстары адмовіліся ад шматлікіх акцый тэхналягічных кампаній, бо перажывалі, што зьяўленьне недарагой кітайскай мадэлі штучнага інтэлекту будзе пагражаць дамінаваньню лідэраў галіны, такіх як Nvidia (NVDA.O). Рынкавая цана вытворцы чыпаў зьнізілася на 593 мільярды даляраў, гэта рэкордная страта за адзін дзень для любой кампаніі на Ўол-стрыт, піша Reuters.com.

На мінулым тыдні кітайскі стартап DeepSeek запусьціў бясплатнага памочніка штучнага інтэлекту, які, паводле кітайцаў, выкарыстоўвае менш дадзеных за малую частку цаны на існыя паслугі. Да панядзелка памочнік абагнаў амэрыканскага канкурэнта ChatGPT у загрузках з Apple (AAPL.O), адкрыўшы новую краму праграмаў.

Паводле зьвестак LSEG, кампанія Nvidia стала найбуйнейшым тормазам для Nasdaq: яе акцыі ўпалі амаль на 17%, што азначае рэкордную аднадзённую страту рынкавай капіталізацыі для акцый Ўол-стрыт.

Таксама шмат страцілі пры таргах на Nasdaq стаў вытворца чыпаў Broadcom Inc, «патрон» ChatGPT Microsoft, а таксама «бацька» Google Alphabet.

Таксама 19,1% на рынку страціла кампанія Marvell Technology.

«Калі гэта праўда, што DeepSeek — праславутая „палепшаная пастка“, гэта можа парушыць усё ранейшае ўяўленьне пра штучны інтэлект, які дапамагаў рухаць рынкі апошнія два гады», — сказаў Браян Якабсэн, галоўны эканаміст Annex Wealth Management у Менамоні-Фолс, штат Вісконсін.

Гэта можа азначаць меншы попыт на чыпы, меншую патрэбу ў масавым нарошчваньні вытворчасьці энэргіі для забесьпячэньня мадэляў і меншую патрэбу ў буйнамаштабных цэнтрах апрацоўкі дадзеных. Ажыятаж вакол штучнага інтэлекту выклікаў велізарны прыток капіталу ў акцыі за апошнія 18 месяцаў, завышаючы ацэнкі і падымаючы фондавыя рынкі да новых максымумаў, піша Reuters, цытуючы амэрыканскага эканаміста.

Першы вырыянт аналягу ChatGPT, выпушчаны кітайскім гігантам пошукавых сыстэмаў Baidu, расчараваў адмыслоўцаў у гэтай краіне — яны пабачылі разрыў у магчымасьцях кітайскага і амэрыканскага штучнага інтэлектаў. Але якасьць з цэнавай эфэктыўнасьцю DeepSeek адзначылі ў Крэмніевай даліне, хвалячы ўзоры DeepSeek-V3 і DeepSeek-R1.

DeepSeek-R1, выпушчаны на мінулым тыдні, у 20-50 разоў таньнейшы ў выкарыстаньні за мадэль o1 OpenAI, у залежнасьці ад задачы, гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйнай старонцы WeChat DeepSeek.

Інвэстары таксама распрадалі акцыі энэргетычных кампаній, якія нядаўна рэзка вырасьлі ў надзеі на масавы ўсплёск попыту з боку энэргаёмістых цэнтраў апрацоўкі дадзеных, неабходных для штучнага інтэлекту.

Пры гэтым аналітык Bernstein Стэйсі Рэзган у камэнтары АР адзначыла, што пры стварэньні свайго прадукту DeepSeek не выкарыстоўваў нейкіх не вядомых раней кампанэнтаў, зь імі раней ужо экспэрымэнтавалі іншыя.

Стартап DeepSeek быў заснаваны ў 2023 годзе ў Ганчжоу, Кітай, і пазьней у тым жа годзе ён выпусьціў сваю першую вялікую моўную мадэль AI. Яе генэральны дырэктар Лян Вэньфэн раней быў сузаснавальнікам гэдж-фонду High-Flyer, які працуе ў колькасным гандлі з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту. Да 2022 году фонд сабраў клястар з 10 тысяч высокапрадукцыйных графічных працэсараў Nvidia A100, якія выкарыстоўваюцца для стварэньня і запуску сыстэмаў штучнага інтэлекту, гаворыцца ў паведамленьні таго лета на кітайскай плятформе сацыяльных сетак WeChat. Неўзабаве пасьля гэтага ЗША абмежавалі продаж гэтых чыпаў у Кітай.

Дасьледнік Rand Corp сказаў выданьню, што падобныя да OpenAI магчымасьці, пэўна, маюць Anthropic і Google, але яны яшчэ не паказалі ўсіх напрацовак. І тым ня менш, скачок кітайскага штучнага інтэлекту паказвае, як кітайскі вытворца здолеў за адносна кароткі час дасягнуць гэтага ўзроўню. Менавіта гэта можа быць прычынай, чаму людзі зьвярнулі на гэта такую вялікую ўвагу.

Трамп паабяцаў увесьці мыта

«У найбліжэйшай будучыні мы ўвядзём пошліны на кампутарныя мікрасхемы, паўправаднікі і фармацэўтычныя прэпараты замежнай вытворчасьці, каб вярнуць вытворчасьць гэтых неабходных тавараў у ЗША», — сказаў Трамп, выступаючы перад рэспубліканцамі Палаты прадстаўнікоў.

Трамп таксама паабяцаў увесьці пошліны на сталь, алюміній і медзь.

Як адзначае Bloomberg, Трамп прыгразіў увесьці тарыфы на паўправаднікі празь некалькі гадзін пасьля таго, як рынкавая капіталізацыя вытворцы чыпаў Nvidia ўпала на тле запуску новай мадэлі штучнага інтэлекту ад DeepSeek.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG