Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе этапы выбараў былі арганізаваныя для ўтрыманьня Лукашэнкам улады», —праваабаронцы па выніках назіраньня за выбарамі-2025


Экспэртная місія па назіраньні за выбарамі 2025 году ў Беларусі апублікавала сваю папярэднюю справаздачу. Місія была арганізаваная Беларускім Хэльсынкскім камітэтам і праваабарончым цэнтрам «Вясна».

У справаздачы адзначаецца, што сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі пасьля мірных пратэстаў супраць фальсыфікацый на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Прызначэньне выбараў на 26 студзеня 2025 году, за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзеньня, сьведчыць пра інструмэнталізацыю электаральных працэдур і маніпуляцыі заканадаўствам, адзначаюць праваабаронцы.

Праведзены экспэртнай місіяй маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі ў Беларусі дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

У ёй падкрэсьліваецца, што ўсе этапы выбарчага працэсу ня проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрыманьня Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі ягонай шырокай народнай падтрымкі.

Як заяўляюць праваабаронцы, пра гэта сьведчаць:

  • поўнае падаўленьне права на свабоднае выказваньне меркаваньня у Беларусі, свабоду мірных сходаў, свабоду асацыяцыяў і іншых правоў чалавека, без належнай рэалізацыі якіх немагчыма казаць пра свабодныя і дэмакратычныя выбары;
  • непразрыстае фармаваньне выбарчых камісій;
  • узгодненыя ўладамі кандыдаты, якія пабудавалі свае перадвыбарчыя праграмы не на крытыцы палітыкі Лукашэнкі, а на яго поўнай падтрымцы (за выключэньнем Ганны Канапацкай);
  • збор подпісаў, накіраваны на стварэньне бачнасьці падтрымкі толькі Аляксандра Лукашэнкі (заяўлены збор подпісаў больш за траціны ўсіх выбарнікаў), пры выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу;
  • агітацыя, пры якой усе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі, былі практычна нябачныя ў інфармацыйнай прасторы, а ў падтрымку Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс для імітацыі палітычнай актыўнасьці і шырокай падтрымкі;
  • працяг практыкі прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні;
  • атмасфэра запалохваньня з забаронамі на фатаграфаваньне і вынас бюлетэняў, дзяжурствам некалькіх супрацоўнікаў міліцыі на ўсіх участках для галасаваньня;
  • непразрыстая працэдура падліку галасоў;
  • заяўленыя рэкордныя лічбы яўкі (85,7%), у тым ліку на датэрміновым галасаваньні (41,81%), якія перавышаюць зьвесткі 2020 году (84,38% і 41,70% адпаведна), калі ўзровень палітызацыі і мабілізацыі грамадзтва быў значна вышэй, што было відавочна па чэргах на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня;
  • поўная адсутнасьць незалежных назіральнікаў.

Папярэднюю справаздачу экспэртнай місіі па назіраньні за выбарамі 2025 году ў Беларусі цалкам можна пачытацьпа спасылцы.

  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG