Судзіць бізнэсоўца будуць завочна — ужо некалькі гадоў як Уладзімер Захараў выехаў зь Беларусі, асьцерагаючыся арышту.
Бізнэсоўца абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, піша «Позірк»:
- ч. 3 арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»);
- ч. 2 арт. 243-1 («Ухіленьне ад выкананьня абавязкаў падатковага агента па пералічэньні падаткаў у асабліва буйным памеры»);
- ч. 1 арт. 243-3 («Ухіленьне ад выплаты страхавых унёскаў»);
- арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Што вядома пра бізнэсоўца
Уладзімер Захараў сфармаваў першасны капітал яшчэ ў 1990-х гадах на пастаўках у Беларусь бананаў, а потым пераарыентаваўся на бізнэс, зьвязаны з будаўніцтвам і нерухомасьцю. У 2013 годзе, паводле рэйтынгу выданьня «Ежедневник», Захараў уваходзіў у топ-200 уплывовых прадпрымальнікаў Беларусі, займаў 131-ы радок. Аднак паступова ён страчваў свае пазыцыі, у тым ліку праз уцягваньне ў шэраг канфліктаў з удзелам мясцовых уладаў.
Вядома, што да ўцёкаў Захараў валодаў у Беларусі шэрагам аб’ектаў нерухомасьці, сярод якіх былі 24 гандлёвыя цэнтры, у тым ліку ГЦ «Стралец» у Полацку. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў абвінаваціў бізнэсоўца ў драбленьні бізнэсу з мэтай ухіленьня ад падаткаў і выставіў яму прэтэнзіі, што ён нанёс бюджэту шкоду больш як на 2 мільёны рублёў. Уладзімер Захараў з абвінавачаньнямі ДФР не пагадзіўся.
Бізнэсовец зьвяртаўся зь лістамі да шэрагу кіраўнікоў, у тым ліку да старшыні ўраду Рамана Галоўчанкі, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай і старшыні КДБ Івана Тэртэля. Акрамя доказаў эканамічнага характару, Уладзімер Захараў даводзіў у сваіх лістах, што заўсёды быў ляяльны дзейнай уладзе і крытычна выказваўся ў бок апазыцыі.
У красавіку 2024 году стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі пачаў спэцвядзеньне супраць Уладзімера Захарава, маёмасьць якога ў Беларусі перад гэтым арыштавалі. Паводле афіцыйных крыніц, бізнэсоўцу накіравалі прапанову добраахвотна зьявіцца ў СК Віцебскай вобласьці, каб даць паказаньні ў справе.
Суд, які пачнецца 28 студзеня, будзе новым разглядам справы Ўладзімера Захарава. Першы разгляд адбываўся з 23 ліпеня як мінімум па 27 жніўня 2024 году. Пра вынік таго працэсу крыніцам вядома толькі тое, што справу вярнулі пракурору.
Паводле допісу Захарава ў фэйсбуку, пасьля ад’езду зь Беларусі ён пражываў у Чарнагорыі.
Форум