Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын бачыў на экране чалавека, які падслухоўваў нашу размову». Тры гісторыі былых палітзьняволеных беларусак


Былая рэдактарка незалежнага Telegram-канала і былая палітзьняволеная Ірына Шчасная. Беласток, 21 студзеня 2025
Былая рэдактарка незалежнага Telegram-канала і былая палітзьняволеная Ірына Шчасная. Беласток, 21 студзеня 2025

Агенцтва Франс Прэс (AFP) расказала гісторыі трох беларусак, якія за пратэсты і камэнтары адбылі тэрміны ў вязьніцах рэжыму Лукашэнкі. 

Сказала сыну перад арыштам: «Не хвалюйся, усё будзе добра»

Прапусьціўшы амаль чатыры гады жыцьця свайго сына ў беларускай турме, Ірына Шчасная ўсё яшчэ хоча зашпіліць паліто 14-гадовага юнака, зь цяжкасьцю ўсьведамляючы, наколькі ён вырас у яе адсутнасьць.

Герману было 10 гадоў, калі спэцслужбы ўварваліся ў іхны дом у Менску і арыштавалі маці на ягоных вачах за тое, што яна кінула выклік аўтарытарнаму кіраваньню Аляксандра Лукашэнкі.

«Мне ўдалося сказаць яму: «Герман, не хвалюйся, усё будзе добра», — сказала Ірына журналісту AFP, успамінаючы тую лістападаўскую раніцу 2020-га, якая «назаўжды зьмяніла наша жыцьцё».

Яе арышт быў толькі адным фактам з маштабных рэпрэсій супраць іншадумства, арганізаваных Лукашэнкам пасьля таго, як дзясяткі тысяч пратэставалі супраць ягонай «перамогі» на выбарах 2020 году, заяўляючы пра масавыя фальсыфікацыі.

Былая рэдактарка незалежнага Telegram-канала і былая палітзьняволеная Ірына Шчасная. Беласток, 21 студзеня 2025
Былая рэдактарка незалежнага Telegram-канала і былая палітзьняволеная Ірына Шчасная. Беласток, 21 студзеня 2025

Знаходзячыся ва ўладзе з 1994 году, Лукашэнка зьбіраецца забясьпечыць сабе яшчэ адзін тэрмін у гэтыя выхадныя на выбарах без рэальнай канкурэнцыі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сьцьвярджае, што цяпер у Беларусі 1256 палітвязьняў, усе лідэры апазыцыі знаходзяцца або ў турме, або ў выгнаньні.

Празь некалькі дзён пасьля арышту Шчаснай у 2020 годзе бацька Германа ўцёк з краіны разам з сынам і пасяліўся ў Кіеве, перш чым пераехаць у Польшчу, калі стала ясна, што Расея можа ўварвацца ва Ўкраіну. Тым часам Шчасную асудзілі на чатыры гады за рэдагаваньне тэлеграм-канала, які крытыкаваў уладу. Яе адправілі ў папраўчую калёнію № 4 Гомля, дзе прымушалі шыць вайсковую і будаўнічую форму на турэмнай вытворчасьці.

Але большую частку часу яна «думала пра Германа». Ім дазволілі адзін відэазванок на месяц пад пільным наглядам турэмнага афіцэра.

«Сыну ня вельмі падабаліся гэтыя званкі, — успамінае Ірына і тлумачыць: — Бо ён мог літаральна бачыць на экране чалавека, які падслухоўваў размову».

Маці і сын узьядналіся ў верасьні 2024 году, калі Шчасная выйшла на свабоду і ўцякла зь Беларусі, каб далучыцца да сваёй сям’і ў польскім Беластоку.

«Калі я адчыніла дзьверы, я ўбачыла высокага хлопца», — расказала Ірына пра першую іх сустрэчу на волі, усё яшчэ прыкметна ўзрушаная.

«Гэта як неба і зямля. Гэта ня тое мацярынства... Яму было 10 гадоў, калі мяне арыштавалі, ён яшчэ трымаў мяне за руку, калі мы ішлі па вуліцы».

Як і ў іншых былых зьняволеных, зь якімі размаўлялі журналісты AFP, у Ірыны Шчаснай цяпер адно жаданьне: вызваліць тых, хто застаецца за кратамі, усімі «магчымымі і немагчымымі» сродкамі.

Жоўтыя біркі

Шчасная кажа, што яе сын адаптаваўся да жыцьця ў Польшчы. Але яна ніяк ня можа. Жанчына часта падʼяжджае да блізкай беларускай мяжы «проста паглядзець». Некалькі месяцаў таму яна была ў турме, спала на верхнім ложку ў пакоі разам з 30 жанчынамі. Як і ва ўсіх палітвязьняў, ейная форма і ложак былі пазначаныя «жоўтай біркай», што нібыта сьведчыць аб «схільнасьці да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці».

Выйшаўшы на волю, Ірына вырашыла ўцякаць, бо баялася, што «доўга не прабудзе на свабодзе» ці ёй могуць забараніць выяжджаць, і тады яна яшчэ доўга не пабачыць сына.

Ірыну падбадзёрвае хваля перадвыбарных памілаваньняў на радзіме, і яна спадзяецца, што іх будзе яшчэ больш. «Мы павінны вызваліць іх любым магчымым спосабам, — сказала яна. — Некаторыя людзі ня бачылі сваіх дзяцей гадамі».

«Улады не раскрываюць імёнаў»

У польскім Гданьску былая палітзьняволеная 34-гадовая Крысьціна Чаранкова шукае інфармацыю аб нядаўна памілаваных. Улады не раскрываюць імёнаў, але інфармацыя паступае праз сваякоў і адвакатаў. Вясельная дэкаратарка Чаранкова ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году ў Мазыры і адмовілася пакідаць Беларусь, калі пачаліся разгоны. Урэшце ў 2022 годзе яе арыштавалі за пост у сацыяльных сетках, у якім крытыкавалася ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, якое тая пачала часткова зь беларускай тэрыторыі. Чаранкова таксама апынулася ў гомельскай калёніі, зь якой выйшла на свабоду летась.

«Там каля 10% жанчын зьяўляюцца палітзьняволенымі, — падлічыла яна. — Я рада бачыць, што некаторыя выйшлі, іх імёны сталі вядомыя, але шмат людзей засталося, сярод іх шмат маіх сяброў», — кажа Крысьціна.

Паводле жанчыны, у калёніі яна была сьведкай таго, як памілаваньне палітзьняволеных зацягвалася праз марудлівую бюракратыю савецкага тыпу.

Стэнд з фотаздымкамі Анджэя Пачобута, зьняволенага журналіста польскай газеты Gazeta Wyborcza і прадстаўніка польскай меншасьці ў Беларусі. Беласток, 21 студзеня 2025
Стэнд з фотаздымкамі Анджэя Пачобута, зьняволенага журналіста польскай газеты Gazeta Wyborcza і прадстаўніка польскай меншасьці ў Беларусі. Беласток, 21 студзеня 2025

«Дзякуй КДБ»

Дарʼя Афанасьева — беларуская фэміністка, яна вызвалілася летась і жыве цяпер у Варшаве. Дар’я ў размове таксама заявіла, што «трэба зрабіць усё», каб здабыць свабоду большай колькасьці палітвязьняў, дзеля чаго не выключае «перамоваў з рэжымам».

Беларуская фміністка і былая зьняволеная Дар’я Афанасьева. Варшава, 14 студзеня 2025
Беларуская фміністка і былая зьняволеная Дар’я Афанасьева. Варшава, 14 студзеня 2025

«Гэта ня толькі адзін чалавек у турме, гэта ўся ягоная сямʼя», — сказала актывістка, дадаўшы, што многія вязьні адчуваюць моцную «віну» за пакуты сваякоў.

Арыштаваная ў 2021 годзе Афанасьева сказала, што салідарнасьць палітвязьняў дапамагла ёй перажыць 2,5 года зьняволеньня.

«Дзякуй КДБ, празь іх цяпер маю найлепшага сябра», — іранізуе жанчына. Але турэмныя выпрабаваньні ўсё роўна «зьядаюць» яе жыцьцё.

«У Варшаве сьнег ляжыць, людзі задаволеныя... А я, як бачу сьнег, адразу ўспамінаю турму і тое, што там дзяўчаты яго прыбіраюць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG