Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заявілі пра выпуск досьледнай партыі «на 70% айчынных» электрамабіляў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. EX50 — першы электрамабіль у выкананьні беларускага брэнду «БЕЛДЖЫ», распрацаваны сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. EX50 — першы электрамабіль у выкананьні беларускага брэнду «БЕЛДЖЫ», распрацаваны сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук

У Беларусі выпусьцілі досьледную партыю айчынных легкавых электрамабіляў, заявіў БЕЛТА 23 лютага першы намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык.

Легкавы электрамабіль распрацавалі Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня НАН Беларусі сумесна зь «БЕЛДЖЫ».

«Практычна на 70 працэнтаў лякалізацыя, гэта значыць — электрарухавікі, электроніка, праграмы кіраваньня, зборка акумулятараў. Машына знаходзіцца на тэставаньні. Ужо выпушчаная досьледная партыя», — заявіў Сяргей Чыжык.

Таксама ў Беларусі цяпер вядуць працу над уласнымі акумулятарамі для электрамабіляў, адзначыў прадстаўнік НАН.

«Імкнёмся замяніць літый натрыем. Лябараторныя ячэйкі зробленыя, выпрабоўваем на малым транспарце. Але, вядома, тут спатрэбяцца вялікія інвэстыцыі, калі гэта даводзіць для маштабнай вытворчасьці», — дадаў ён.

Сяргей Чыжык адзначыў, што таксама цяпер ідзе супраца з МАЗам па электрагрузавіках, «ёсьць у нас і свой камэрцыйны аўтамабільчык для розных умоваў» — пакуль робяцца досьледныя ўзоры, але «калі камусьці гэта выгадна і цікава, ён бачыць у гэтым бізнэс-посьпех, мы гатовыя супрацоўнічаць».

Раней прадстаўнікі Акадэміі навук неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасьля ўзоры мелі абмежаваную ступень лякалізацыі. Навукоўцы ня раз заяўлялі аб складанасьці арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку з прычыны спэцыфікі вырабу батарэй, адсутнасьці лініі для вытворчасьці кузаваў і інш.

  • Яшчэ ў жніўні 2017 году ў Нацыянальнай акадэміі навук заявілі пра стварэньне «экспэрымэнтальнага ўзору» першага беларускага электрамабіля на базе Geely. Старшыня прэзыдыюму НАН тады заявіў, што ўжо «прапрацоўваюцца варыянты, дзе можна арганізаваць сэрыйную вытворчасьць».
  • У ліпені 2021 году Мінэнэрга казала, што першую партыю беларускіх электрамабіляў выпусьцяць да канца году.
  • 22 кастрычніка 2021 году Лукашэнка даручыў пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, паколькі «ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам», а таксама з «улікам запуску Беларускай АЭС». Месяцам пазьней ён падпісаў указ № 447 аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.
  • 10 верасьня 2022 году Абʼяднаны інстытут машынабудаваньня Акадэміі навук Беларусі прадставіў «першы айчынны спартовы электрамабіль» на ралі Minsk ELECTRO-2022. Начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтру АІМ Аляксандар Бялевіч паведаміў, што «большасьць электронікі ў электрамабілі, у тым ліку сыстэма кіраваньня, уласнай вытворчасьці».
  • У сярэдзіне сьнежня 2024 году «БЕЛДЖЫ» паказала абноўленую вэрсію электрамабіля Belgee EX50 — першага электрамабіля, распрацаванага сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Паведамлялася, што ўсяго іх «пяць штук».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG